Для настаўнікаў адной са школ Слуцка завялі "часопіс перамяшчэння работнікаў"
Настаўніца правярае сшыткі, ілюстрацыйнае фота
Як мінімум у адной са школ Мінскай вобласці з'явіўся "часопіс перамяшчэння работнікаў". Настаўнікі абавязаны ў ім адзначацца, калі выходзяць са школы цягам дня. Аб гэтым выданню Tochka.by расказалі педагогі са Слуцка. Раней у іх была магчымасць падчас так званых "фортачак" — часу, паміж урокамі, калі яны не задзейнічаны, выходзіць са школы без тлумачэння прычын. Цяпер настаўнікі абавязаны ўказаць прычыну: надомнае навучанне з вучнем, суправаджэнне навучэнцаў на экскурсію, наведванне сем'яў і гэтак далей.
"У мяне ёсць некалькі "фортачак" на працягу тыдня. Часам я правяраю сшыткі, а бывае, нават паспяваю збягаць дадому паабедаць або адлучыцца па асабістых справах. З нашай вялікай нагрузкай, калі ўжо і здараецца такі вольны час, чаму я не магу правесці яго на сваё меркаванне, без строгіх абавязковых справаздач?" — задаецца пытаннем настаўніца. Пакуль невядома, якія пакаранні прадугледжаны за ігнараванне гэтага правіла ці адлучкі без уважлівых прычын. Правіла ўвялі нядаўна, практыка прымянення яшчэ не адпрацавана.
У Мінадукацыі настойваюць, што з такой ініцыятывай не выступалі. "Распараджэнні (рэкамендацыі) Міністэрства адукацыі па пытанні запісу ў часопісе перамяшчэння настаўнікаў з указаннем прычыны іх адсутнасці, калі няма ўрокаў, ва ўстановы адукацыі не накіроўваліся", — адзначылі ў ведамстве. Там прызналі, што ў педагогаў сапраўды можа з'яўляцца вольны час паміж урокамі. Але кантроль за выкананнем настаўнікамі сваіх службовых абавязкаў выконвае дырэктар школы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.