Домрачава заявіла, што развітваецца з вялікім спортам

Домрачава заявіла, што развітваецца з вялікім спортам

Дар'я Домрачава заявіла, што развітваецца з вялікім спортам. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка 25 чэрвеня правяла ў Мінску прэс-канферэнцыю. Як і чакалася, яна вырашыла не працягваць выступленні. Раней пра спыненне кар'еры заявіла яшчэ адна беларуская біятланістка, алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна.

Домрачава: "Мне дастаткова няпроста было сабрацца і запрасіць вас сёння... Я доўга думала і прыйшоў час раставіць усе кропкі над "і". Увесь час пасля заканчэння сезону спрабавала знайсці кампраміс, які дазволіў бы мне выхоўваць дзіця і сумяшчаць гэта ўсё з прафесійнай спартыўнай кар'ерай адначасова. На жаль, я не знайшла аптымальнага рашэння, якое дазволіла б сумяшчаць гэтыя дзве важныя вобласці жыцця для мяне... Гэтае рашэнне для мяне абдуманае і, канешне ж, нялёгкае, але я завяршаю сваю спартыўную кар'еру... Я адчуваю, што на сённяшні дзень для мяне гэта правільнае рашэнне".

Дар'я Домрачава нарадзілася 3 жніўня 1986 года ў Мінску. Яе бацькі-архітэктары неўзабаве паехалі на працу ў Сібір. У горадзе Нягань (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга) Даша вучылася ў школе, пачала займацца лыжнымі гонкамі, а пасля і біятлонам. Там у яе і выпрацаваўся асаблівы стыль. У Беларусь Домрачава прыязджала на летнія канікулы, а ў 2003-м сям'я вярнулася ў Мінск.

Калі ў Расіі маладую біятланістку лічылі бесперспектыўнай, у Беларусі яна трапіла ў нацыянальную зборную. Спачатку Дар'я выступала ў юніёрскіх спаборніцтвах (і някепска), а з 2006-га — у Кубку свету. Домрачава адразу звярнула на сябе ўвагу, набыла шмат балельшчыкаў не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы.

З Домрачавай падчас спаборніцтваў здараліся кур'ёзныя сітуацыі. У сезоне 2008/2009 гадоў на этапе Кубка свету ў Оберхофе яна лідыравала ў спрынце, прыйшла першай на агнявы рубеж, але страляла стоячы, хаця мусіла гэта рабіць лежачы. Біятланістка сыйшла з дыстанцыі. Праз год таксама ў Оберхофе, толькі ў масавым старце, Дар'я была лідарам, але на трэцім агнявым рубяжы "расстраляла" чужую мішэнь...

Перамогі на этапах Кубка свету прыйшлі ў сезоне 2009/2010 гадоў. Праз два гады яна была ўжо адной з найлепшых біятланістак свету, але пры выдатнай хуткасці не хапала стабільнасці ў стральбе. Ёй ніяк не ўдавалася выйграць Крышталёвы глобус, двойчы займала другое месца ў агульным заліку. Нарэшце ў сезоне 2014/2015 гадоў гэта ўдалося зрабіць. На той час Домрачава ўжо была трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай (тры "золата" Сочы-2014) і Героем Беларусі (адзіная беларуска, якая мае такое званне).

Наступны сезон Дар'я Домрачава прапусціла з-за хваробы. Летам 2016-га яна ўзяла шлюб са славутым нарвежскім біятланістам Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам, восенню нарадзілася дачка Ксенія. Аднак ужо ў студзені 2017-га Домрачава вярнулася ў вялікі спорт. Яна мэтанакіравана рыхтавалася да Алімпіяды ў Пхёнчхане, дзе беларускі ўзялі залатыя медалі ў эстафеце. Пасля гэтага чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка і ўзяла паўзу — разважала, ці варта працягваць спартыўную кар'еру, ці засяродзіцца на сваім асабістым жыцці. Як бачым, яна аддала перавагу сям'і.

Домрачава заявіла, што развітваецца з вялікім спортам
Домрачава нейкі час была ў спартыўным клубе КДБ Беларусі, мела званне старэйшы лейтэнант.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі