Домрачаву і Кушніра прызналі спартсменамі года ў Беларусі (відэа)
25 лютага ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых спартсменаў нашай краіны.
У сераду ў Мінску прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурса "Трыумф. Героям спорту 2014". Спартсменаў, якія летась дамагліся найлепшых вынікаў, вызначалі аматары спорту і журы. Як інфармуе БЕЛТА, у галасаванні ўзялі ўдзел каля 500 тысяч чалавек.
У выніку, спартсменкай года прызналі біятланістку Дар'ю Домрачаву, трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Сочы, Героя Беларусі (яна ж перамагла і ў намінацыі "Вынік года"), спартсменам года — фрыстайліста Антона Кушніра, алімпійскага чэмпіёна.
Камандай года стала жаночая зборная Беларусі па біятлоне (Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Людміла Калінчык і Надзея Пісарава), трэнерам года — Мікалай Казека, які працуе з беларускай зборнай па фрыстайле. У Сочы яго выхаванцы заваявалі два залатыя медалі. Адна з іх — Ала Цупер, якая перамагла ў намінацыі "Прарыў года".
Адзначым, што конкурс "Трыумф. Героям спорту 2014" — гэта сумесны праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Фота: БЕЛТА