Дорага ім гэтыя паездкі абыходзяцца: хто дапамагае мігрантам даехаць да Германіі

"Шкада немцаў, вядома. Сам я тут дзеля грошай. Але не працаваў бы я — працаваў бы нехта іншы. Святое месца пустым не бывае" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Шкада немцаў, вядома. Сам я тут дзеля грошай. Але не працаваў бы я — працаваў бы нехта іншы. Святое месца пустым не бывае" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У чаце "Беларусы в Украине" днямі з'явілася прывабная аб'ява. Шукалі кіроўцаў з асабістым аўто, якія маглі б дапамагчы ў перавозцы людзей па Балгарыі і Польшчы. Абяцалі ўражальныя ганарары — ад 1,5 тыс. долараў за паездку.

Еўрарадыё звязалася з аўтарам аб'явы. Высветлілася, што да Украіны гэтая гісторыя дачынення не мае, проста беларускі чат трапіў у спіс рассылкі.

— Гаворка не пра ўкраінцаў, мы працуем з іншымі ўцекачамі. Дорага ім такія паездкі абыходзяцца, вельмі дорага, — напісала нам аўтарка аб'явы.

— Гаворка пра нелегальных мігрантаў?

— А як вы думаеце, за легальных столькі плацілі б?

Аўтарка аб'явы перадала нам кантакты свайго калегі, менеджара структуры, якая займаецца такімі нетрывіяльнымі перавозкамі. Ён пагадзіўся пагутарыць з намі — але толькі ў перапісцы і на ўмовах ананімнасці.

— Незалежныя СМІ я паважаю, — сказаў наш суразмоўца, даючы згоду на размову.

Мы папрасілі нашага суразмоўцу пацвердзіць свой удзел у перавозцы дакументальна, але ён адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ўсе запісы выдаляе з меркаванняў бяспекі.
 

"Ч*ркі звяртаюцца да іншых ч*рак"

Наш суразмоўца, які адмовіўся назваць сваё імя, расказаў, што структура, на якую ён працуе, займаецца перавозкай мігрантаў з Сірыі, Афганістана і Егіпта. Ён кажа, што ядро знаходзіцца "дзесьці на Блізкім Усходзе". А сам ён працуе на лагістычных падрадчыкаў.

“Дорого им эти поездки обходятся”: кто помогает мигрантам доехать до Германии?
Уносяць грошы, і іх давозяць у Беларусь ці іншыя краіны. Там, на месцы, выдаюць ім праваднікоў. А потым ужо ў ЕС даюць кіроўцаў / фота ілюстрацыйнае, pixabay

Працуюць з двума напрамкамі: адных мігрантаў вязуць ад беларуска-польскай мяжы праз тэрыторыю Польшчы ў Германію, іншых — ад балгарска-турэцкай мяжы ў сталіцу Балгарыі Сафію.

— Балгарскі кірунак запатрабаваны, таму што турэцкія памежнікі самі праводзяць гэтых мігрантаў [праз мяжу. — Еўрарадыё]. У тым кірунку штодня праходзіць па 50-100 чалавек — толькі з тых, каго мы ведаем. Заставацца нідзе, акрамя Германіі, яны не хочуць, бо там дапамога.

Мы цікавімся, як мігранты знаходзяць кіроўцаў. Наш суразмоўца расказвае, што кіроўцы не існуюць "самі па сабе", усе гэтыя перавозкі — частка сеткі.

— Ч*ркі звяртаюцца да іншых ч*рак, у якіх ёсць усе патрэбныя кантакты. Уносяць грошы, і іх давозяць у Беларусь ці іншыя краіны. Там, на месцы, выдаюць ім праваднікоў. А потым ужо ў ЕС даюць кіроўцаў. На ўсім шляху да Берліна цалкам суправаджаюць: пастаянна кантралююць праз тэлефон і відэасувязь.

Туры прадаюцца "пад ключ", на месцы самім кіроўцам мігранты ўжо нічога не плацяць. А колькі яны плацяць за самі "туры", наш суразмоўца не можа сказаць. Мяркуе, што гаворка "не пра адну і не пра дзве тысячы долараў".

“Дорого им эти поездки обходятся”: кто помогает мигрантам доехать до Германии?

— Хутчэй за ўсё, толькі за даезд ад мяжы Польшчы да мяжы Германіі яны плацяць каля тысячы. А колькі яшчэ за пераход праз мяжу — паняцця не маю, яўна нашмат больш. На выгляд яны ўсе не беднякі з трушчоб. Большасць з іх з добрымі тэлефонамі, бесправаднымі навушнікамі і гадзіннікамі.

Наш суразмоўца не хавае, што яго ў такіх схемах матывуюць удзельнічаць "толькі грошы", хоць спачатку было і спачуванне.

— Я казаў сабе, што гэтыя людзі ўцякаюць ад вайны, ад дрэннага жыцця.

Асабістых гісторый гэтых людзей наш суразмоўца не ведае, ён не шмат зносін меў з імі асабіста. Кіроўцы, якія згаджаюцца паўдзельнічаць у перавозцы, таксама мала што могуць расказаць.

— Часцей за ўсё дыялог з імі вельмі цяжкі. Альбо яны дрэнна ведаюць англійскую, альбо кіроўцы. А кіроўцаў, якія ведаюць арабскую, у нас наогул не было. Думаю, большасць гэтых людзей проста едзе да "лепшага жыцця". Хоць і не зусім мне іх матывацыя зразумелая, бо едуць не бедныя людзі.
 

"За пасажыра плацяць 300–500 долараў"

Кіроўцы, якія згаджаюцца ўдзельнічаць у такой схеме, таксама "прыезджыя", кажа наш суразмоўца. Большасць паездак канчалася паспяхова для мігрантаў. Але што будзе, калі аўто з мігрантамі спыніць паліцыя? Наш суразмоўца шчыра кажа, што не ведае.

— Усё залежыць ад таго, як кіроўца дамовіцца з паліцыяй. Могуць даць "штраф", могуць дэпартаваць. З самімі мігрантамі ўсё зразумела: едуць туды, адкуль прыехалі.

Кіроўцу за правоз аднаго пасажыра плацяць 300–500 долараў. Напэўна, толькі фінансавыя цяжкасці і штурхаюць людзей рызыкаваць. Альбо зацяжное жыццё "ад заробку да заробку".

— А акрамя паліцыі, якія праблемы ў дарозе бываюць?

— Ну, бывае, яны не хочуць плаціць ці яшчэ якая каніцель пачынаецца. Часам мігрантаў даводзіцца трохі біць, таму што дамовіцца з імі звычайна трохі немагчыма. А адмовіць у праездзе... Можам, калі шмат выстаўляцца будуць.

“Дорого им эти поездки обходятся”: кто помогает мигрантам доехать до Германии?

Статыстыку перавозак наш суразмоўца прывесці адмовіўся.

— Магу сказаць толькі, што зімой справы ідуць складаней, бо памежнікам па снезе прасцей высачыць перабежчыкаў.
 

"Ніхто нікога не ведае, усе працуюць на сумленным слове"

Мы спрабавалі высветліць, як наш суразмоўца знайшоў сваю працу, але ён адказаў проста: у тэлеграме. Праз падобную аб'яву, на якую наткнуліся ў адным з чатаў і мы.

— Ніякіх праверак, ніхто нікога не ведае, усе працуюць на сумленным слове.

— На пачатку нашай размовы вы сказалі, што згаджаецеся на гутарку з павагі да незалежных СМІ. Але ж, удзельнічаючы ў такой схеме, вы гуляеце на баку Лукашэнкі і Эрдагана. Ці былі ў вас сумневы, ці станавіцца часткай іх гульні?

— Сумневы, вядома, былі і ёсць. Вельмі шкада немцаў. Выйду з гэтага ўсяго адразу, як толькі закрыю ўсе свае фінансавыя пытанні. Маральная дылема закрываецца тым, што я ў гэтым усім далёка не галоўны — так, дробны каардынатар пары кіроўцаў. Праз мяне праходзіць няшмат мігрантаў.

І натуральна, пагадзіўся праз высокую аплату, не працаваў бы я — працаваў бы нехта іншы. Святое месца пустым не бывае, як кажуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі