Еўрасаюз рыхтуе новы закон для рэгулявання міграцыі
Еўракамісія
Еўракамісія рыхтуе законапраект, закліканы скарэктаваць правілы адпраўкі на радзіму мігрантаў, якія не маюць права знаходзіцца ў Еўрасаюзе. Пра гэта піша Deutsche Welle. Пра падрыхтоўку зменаў стала вядома з ліста кіраўніка Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, які быў накіраваны ў адрас дзяржаў ЕС. Тэкст ліста быў апублікаваны напярэдадні вечарам.
Гаворка ідзе аб стварэнні сістэмы, пры якой "мігранты, у дачыненні да якіх у адной краіне была прынятая пастанова аб вяртанні іх на радзіму", не маглі б "скарыстацца шчылінамі ў сістэме, каб пазбегнуць дэпартацыі, знаходзячыся ў іншай краіне ЕС". Чакаецца, што законапраект будзе ўтрымліваць "выразныя абавязацельствы па супрацоўніцтве ў дачыненні да асоб, якіх высылаюць" і павінен "эфектыўна ўпарадкаваць працэс" адпраўкі нелегалаў на радзіму, гаворыцца ў лісце фон дэр Ляен.
Нагадаем, у пачатку 2024 года пасля працяглых дыскусій краіны ЕС дамовіліся рэфармаваць Агульнаеўрапейскую сістэму прадастаўлення прытулку. Яна дзейнічае з 2019 года. Новая сістэма таксама прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці правілаў па дэпартацыі мігрантаў, якія не маюць права знаходзіцца ў ЕС. Акрамя таго, рэформа дае магчымасць аператыўнага разгляду прашэння аб прытулку на знешняй мяжы ЕС. Нормы мусяць уступіць у сілу з 2026 года. Але некаторыя назіральнікі крытыкуюць абноўленую сістэму за занядбанне правоў чалавека.
Нідэрланды і Венгрыя ўжо заявілі пра нежаданне прытрымлівацца агульных правілаў у гэтай сферы. Акрамя таго, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск папярэдзіў, што Варшава таксама хацела б адмовіцца ад выканання некаторых палажэнняў закона ЕС аб прадастаўленні прытулку. На ягоную думку, Расія і Беларусь наўмысна накіроўваюць да межаў ягонай краіны нелегальных мігрантаў, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўрасаюзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.