Урад Польшчы адобрыў новую міграцыйную стратэгію
На белорусско-польской границе
Польскі ўрад напярэдадні прыняў дакумент "Аднавіць кантроль. Забяспечыць бяспеку. Комплексная і адказная міграцыйная стратэгія на 2025-2030 гады". Пра гэта паведамілі ў канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Мера, якую анансаваў Туск (аб часовым прыпыненні прыёму заяў на прытулак), у стратэгіі ёсць.
"Пры пагрозе дэстабілізацыі краіны з-за наплыву імігрантаў павінна быць магчымасць часова і тэрытарыяльна прыпыніць права прымаць заявы аб прадастаўленні прытулку", – гаворыцца ў паведамленні канцылярыі прэм'ера. Там таксама зазначаецца, што "Польшча не можа дазволіць, каб пад маркай падачы заяў на прытулак нашу ўсходнюю мяжу перасякалі арганізаваныя і кантралюемыя Расіяй і Беларуссю групы нелегальных мігранта".
Асноўныя ідэі Стратэгіі зводзяцца да наступнага:
- прыярытэтам у сферы міграцыі будзе дзяржаўная бяспека;
- міграцыя павінна старанна рэгулявацца і кантралявацца з пункту гледжання мэты прыезду, маштабаў прытоку або краін паходжання замежнікаў;
- візавая палітыка павінна быць празрыстай, а консулы – атрымаць больш аўтаноміі ў прыняцці рашэнняў;
- працэдуры прадастаўлення нацыянальнай і міжнароднай абароны павінны быць скарэкціраваны. Новая сістэма павінна выключыць выкарыстанне механізму абароны ў гібрыдных дзеяннях;
- павінен быць зменены падыход да права на прытулак на ўзроўні ЕС і міжнародным узроўні. Ён павінен быць таксама адаптаваны да бягучай міграцыйнай сітуацыі з улікам пытанняў бяспекі;
- і шэраг іншых мер.
У польскім урадзе лічаць, што гэтая стратэгія дасць магчымасць стварыць больш празрыстыя і бяспечныя правілы міграцыі ў Польшчу. Нагадаем, што напярэдадні аб намеры скарэктаваць міграцыйную палітыку заявілі і ў Еўразвязе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.