Атручаная “Дружба”: галоўнае аб нафтавым канфлікце паміж Беларуссю і Расіяй
gomel.today
Паводле матэрыялаў "Новой газеты"
У аўторак афіцыйныя прадстаўнікі Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) паведамілі аб прыпыненні паставак светлых нафтапрадуктаў — бензінаў і дызельнага паліва — ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі. Паводле слоў гендырэктара БНК Сяргея Грыба, гэтая мера звязаная з нізкай якасцю нафты, якую Расія экспартуе па ўчастку магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба". Аб'ёмы экспарту скарачаюцца для таго, каб у поўнай меры забяспечваць патрэбнасці ўнутранага рынку Беларусі.
Раней, 19 красавіка, аб забруджванні расійскай экспартнай сумесі Urals хлорарганічнымі злучэннямі заявілі ў беларускім канцэрне "Белнафтахім".
У "Транснафце" прызналі наяўнасць праблемы і паабяцалі ліквідаваць крыніцы магчымага забруджвання да 21-22 красавіка.
Тым не менш нармалізаваць сітуацыю да ўстаноўленага тэрміну не атрымалася. 22 красавіка адзін з двух найбуйнейшых беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, Мазырскі НПЗ, абвясціў аб выхадзе з ладу "дарагога абсталявання" з-за расійскіх паставак. Транзітам няякасная нафту ўжо трапіла ва Украіну і ў краіны Еўрасаюза, сказаў сёння намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў. Мінск абвясціў аб стварэнні нацыянальнага рэзерву паліва на перыяд пасяўной кампаніі, а да канца года рэспубліка разлічвае знайсці альтэрнатыву пастаўкам расійскай нафты праз парты краін Балтыі ці Украіны.
У расійскім Мінэнерга сітуацыю патлумачылі тэхнічнымі праблемамі, не звязанымі з узаемаадносінамі Масквы і Мінска. Аднак палітычная версія канфлікту ўсё роўна застаецца адной з асноўных.
За апошні час беларускі бок зрабіў цэлы шэраг крытычных выказванняў у дачыненні да Крамля. У прыватнасці, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў незадаволенасць з-за падатковага манеўру ў расійскай нафтавай галіне. У выніку зніжэння экспартнай пошліны на нафту і паралельнага павышэння падатку на здабычу карысных выкапняў кошт расійскай нафты для беларускіх перапрацоўшчыкаў павялічыцца. З-за манеўру Беларусь страціла за апошнія тры гады амаль $4,5 млрд, а да 2025 года страціць яшчэ за $10,6 млрд, казаў Лукашэнка. У якасці кампенсацыі Мінск прапанаваў падняць тарыф на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі на 23%, але расійскі бок адмовіўся падтрымаць гэтую прапанову, пасля чаго Лукашэнка паабяцаў закрыць нафтаправод "Дружба" на рамонт.
Акрамя таго, на мінулым тыдні Расія абмежавала экспарт нафты і нафтапрадуктаў ва Украіну. Праз некаторы час БНК анансавала "рост паставак з боку Беларусі", каб кампенсаваць Украіне расійскую нафту. Пры гэтым Масква даўно выступае супраць таго, што Мінск перапрадае нафтапрадукты з расійскай нафты, пазбаўляючы прыбытку расійскі бюджэт і дапамагаючы Кіеву абыходзіць расійскія санкцыі.
— Адбыўся гэты інцыдэнт па віне расійскага боку — "Транснафта" прызнала, што ў яе ў нейкім месцы адбылося забруджванне нафты, яны ліквідуюць непаладкі, — кажа партнёр кампаніі Rusenergy Міхаіл Круціхін. — У Беларусі спынілі экспарт нафтапрадуктаў за мяжу некалькім спажыўцам і аб'явілі, што гэтая нафта нанесла шкоду аднаму з двух нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Памер страты няясны, і наогул незразумела, ці будуць яны нейкім чынам патрабаваць кампенсацый ад расійскага боку (раней заяўлялася, што памер страты можа складаць "дзясяткі мільёнаў долараў". — Рэд.). Гэта спрэчка паміж суб'ектамі гаспадарання.
Пакуль гэта нязначныя аб'ёмы і нічога сур'ёзнага не адбываецца — усе спажыўцы беларускай нафты могуць атрымліваць яе праз нейкія альтэрнатыўныя маршруты. Больш за ўсё можа пацярпець украінскі бок — паліва з гэтых НПЗ ідзе ў тым ліку і ва Украіну. Рабіць здагадкі наконт таго, ці звязана гэта з палітыкай, пакуль вельмі цяжка. Але ні з тэхнічнага, ні з палітычнага боку ніякай змовы пакуль не прасочваецца.
— БНК зрабіла вельмі цьмяную заяву, — лічыць Сяргей Кандраціеў, намкіраўніка эканамічнага дэпартамента Інстытута энергетыкі і фінансаў. — У ёй гаворыцца, што ў сувязі з праблемамі з пастаўкамі нафты па "Дружбе" і вялікім утрыманнем хлорарганічных злучэнняў было прынята рашэнне спыніць экспарт толькі светлых нафтапрадуктаў у Польшчу, Прыбалтыку і Украіну. Пры гэтым гаворыцца, што максімальная ўвага будзе нададзена забеспячэнню ўнутранага рынку. Варта адзначыць, што Беларусь экспартуе светлыя нафтапрадукты не толькі ў гэтыя краіны, але і ў краіны далёкага замежжа, у тую ж Заходнюю Еўропу. Таму мне здаецца, што тут ёсць нейкая няпэўнасць.
Калі казаць пра Украіну, то Беларусь разам з Расіяй з'яўляецца яе найбуйнейшым пастаўшчыком светлых нафтапрадуктаў, у першую чаргу бензіну і дызельнага паліва. Па дызелі ва ўкраінскага рынку вельмі вялікая залежнасць — болтш за 90% яны імпартуюць з іншых краін. Улічваючы нядаўнюю санкцыйную забарону на пастаўку нафтапрадуктаў з Расіі, для ўкраінскага рынку гэта можа азначаць вельмі сур'ёзныя праблемы: будзе неабходна знайсці дастаткова вялікі аб'ём паліва. Калі мы гаворым пра дызель, то гэта больш за 400 тысяч тон у месяц — столькі ў сярэднім складае імпарт. Больш за 70% прыпадае на Расію і Беларусь. Гэтыя пастаўкі давядзецца нейкім чынам кампенсаваць. Магчыма, прыйдзецца звяртацца да Румыніі, Венгрыі, Польшчы. Напрамую такія аб'ёмы зачыніць будзе не так проста. Будуць і лагістычныя праблемы, бо імпарт з Расіі і Беларусі мае вельмі добрую лагістыку — пастаўкі з Беларусі ажыццяўляюцца пераважна з Мазырскага НПЗ, які знаходзіцца ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад украінскай мяжы. У гэтым плане, акрамя пошуку пастаўшчыкоў, трэба будзе яшчэ думаць, як ажыццявіць пастаўку, транспарціроўку.
Калі казаць пра Польшчу і Прыбалтыку, то там беларускія нафтапрадукты адыгрываюць меншую ролю: Польшча можа нарасціць перапрацоўку на ўласных магутнасцях, у Прыбалтыцы таксама ёсць Мажэйкяйскі НПЗ. У Польшчы і Прыбалтыкі ёсць магчымасць закупляць нафтапрадукты ў той жа Заходняй Еўропе і перавальваць іх у прыбалтыйскіх партах для забеспячэння мясцовага рынку. Залежнасць істотна меншая, чым у той жа Украіны ад паставак з Расіі і Беларусі, ад якіх адбыўся такі двайны ўдар.
Ці ёсць у гэтай сітуацыі нейкая палітычная падаплёка, невядома. Інфармацыі на гэты конт няшмат. Акрамя заяў ад расійскага Мінэнерга і "Белнафтахіма" ўчора была заява ад "Укртранснафты", якая адказвае за эксплуатацыю ўкраінскага ўчастка "Дружбы". Яна кажа, што таксама ўважліва аналізуе сітуацыю і не абвяргае таго, што, па аналізах на іх участку, праблем няма. Няма ніякіх размоў пра перавышэнне дапушчальных нормаў па хлорарганічных злучэннях у дзясяткі разоў. Заява "Укртранснафты" дастаткова стрыманая, але яна сведчыць аб тым, што яны ўважліва сочаць за гэтай сітуацыяй.
Не выключана, што Беларусь вядзе нейкую самастойную гульню. Да гэтага Мінск зрабіў шэраг гучных і не вельмі прыемных заяў у дачыненні да Расіі з нагоды паставак нафты, выказаў незадаволенасць расійскім "падатковым манеўрам". Лукашэнка заявіў, што яны павінны думаць пра свае інтарэсы і што насустрач партнёрам ісці не трэба. Потым з'явілася абвестка пра дрэнную якасць нафты ў "Дружбе".
Пасля абеду 24 красавіка стала вядома, што на наваполацкі "Нафтан" пачалася пастаўка нафты, якая адпавядае тэхналагічным стандартам. Між тым, на Мазырскім НПЗ сітуацыя застаецца ранейшай і якасць пастаўленай нафты пакуль што не палепшылася.