"Дурні і дэбілы!" — кандыдат Падгол адказвае на крытыку яго тэлевыступу
Ужо некалькі дзён у сацсетках віруе дыскусія, народжаная запісам тэлевыступу кандыдата ў дэпутаты. Уладзіміру Падголу з партыі БНФ удалося амаль немагчымае — зрабіць так, каб яго абмяркоўвалі нават далёкія ад палітыкі людзі.
"Даўно зразумеў, што тэлебачанне вельмі моцна адрозніваецца ад радыё. І гэта мусіць быць карцінка. Незвычайная, якая захоплівае. Вось. А ў мяне гэтая форма, я ўсё дэманстраваў на пікеце "Куля для прэзідэнта", у цэнтры Мінска, на праспекце", — расказвае Падгол пра сваё рашэнне выступаць перад тэлегледачамі ў шлеме танкіста, бронекамізэльцы з надпісам "Куля для прэзідэнта" і адразу трыма сцяжкамі — бела-чырвона-белым, ЗША і ЕС. Для яшчэ большай пераканаўчасці Падгол падчас выступу трасе асобнікам сваёй кнігі.
У размове з Еўрарадыё кандыдат, які ідзе на выбары ад партыі БНФ, кажа, што для ўдалага выступу правярнуў сапраўдную спецаперацыю: у тэлецэнтр прыйшоў у звычайнай вопратцы, адмовіўся ад грыму, каб не "паліць" свой план заўчасна, і надзяваць бронекамізэльку пачаў ужо за некалькі секунд да ўключэння камер. Сцвярджае, што эфект быў ашаламляльным:
"Там жа быў начальнік службы бяспекі тэлебачання. Там 5-6 мужыкоў таксама, быццам бы аператары. Але ж бачна, што з бяспекі. І калі я пачаў усё гэтае надзяваць на сябе, у іх мову адняло. Ну, проста ў людзей адняло мову. Шок. Я ім кажу — запрасіце Давыдзьку, ён мой сябар".
У выніку пасля непрацяглых кансультацый выступ Уладзіміра Падгола запісалі і пусцілі ў эфір цалкам і без скажэнняў. Для гэтага палітыку яшчэ давялося патлумачыць, што выраз "куля для прэзідэнта" перакладаецца на беларускую хутчэй як "падарунак", чым як "смерць".
"Яны ўбачылі, што я нармальны мужык. І нават потым прасілі кнігі ім пакінуць, паставіць свае аўтографы там", — расказвае Падгол.
На крытыку свайго выступу, якая разгарэлася ў інтэрнэце, прадстаўнік БНФ рэагуе спакойна і эмацыйна адначасова. Вельмі просіць не выразаць яго выказванне, а так і напісаць.
"Я шчаслівы. А гэтыя ўсе выказванні, што я дурань, што я дыскрэдытую... Дурні і дэбілы! Так, не выразаючы, і скажыце. Людзі, якія абсалютна нічога не разумеюць у сучаснай палітыцы", — сцвярджае Уладзімір Падгол.
Я шчаслівы. А гэтыя ўсе выказванні, што я дурань, што я дыскрэдытую... Дурні і дэбілы! Так не выразаючы і скажыце. Людзі, якія абсалютна нічога не разумеюць у сучаснай палітыцы
Адным з тых, хто крытычна выказаўся пра выступ Падгола, стаў палітолаг Дзяніс Мельянцоў. "Гэта наглядны адказ на пытанне, чаму Лукашэнка да гэтага часу пры ўладзе. Суіцыдальны піяр партыі БНФ", — напісаў Мельянцоў у сваім фэйсбуку.
Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не згодны. Кажа, што выступ Падгола бачыў і да зместу не мае ніякіх пытанняў. Палітык мяркуе, што спрэчнай у ім можна назваць толькі форму:
"Што тычыцца формы, такой эпатажнай, якую спадар Уладзімір выбраў для сябе, то я, натуральна, як кіраўнік партыі для сябе такую форму выступу палічыў бы недапушчальнай. А для аднаго з кандыдатаў я не бачу ў гэтым ніякай праблемы", — разважае Янукевіч.
Гэта наглядны адказ на пытанне, чаму Лукашэнка да гэтага часу пры ўладзе. Суіцыдальны піяр партыі БНФ
Старшыня партыі БНФ крытычную рэакцыю на выступ Падгола ацэньвае наступным чынам: "Ведаеце, можна смяяцца, калі ты сам у гэтай сферы дасягнуў нечага, што можаш прадэманстраваць. А вось так, на ўзроўні фэйсбучнай крытыкі... Ну няхай людзі парадуюцца, калі іх гэта радуе... Лічу, што галоўнае не тое, што на галаве, а тое, што ў галаве. Пасля гэтага выступу мы Уладзіміра Падгола можам назваць нашым беларускім Дыягенам".
Ці пераможа беларускі Дыяген на выбарах у Палату прадстаўнікоў, даведаемся ўжо зусім хутка — 11 верасня. Супрацьстаяць Уладзіміру Падголу ў акрузе будуць такія вядомыя асобы, як Віктар Цярэшчанка і Ірына Дарафеева.