Два гады таму арыштавалі Алеся Бяляцкага
Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніка цэнтру “Вясна” затрымалі 4 жніўня 2011 года.
У лістападзе таго ж года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры і асудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі было немагчыма, бо цэнтр “Вясна” працуе нелегальна — ўлады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца адбывае пакаранне ў Бабруйску, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.
Да даты арышту Алеся Бяляцкага прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Акцыя прысвечаная “сучасным гуманістам і летуценнікам, а таксама тым людзям і арганізацыям, якія ўвасабляюць сабой Беларусь свабоды і супраціву”.
Што да Беларусі, то заяўкі на правядзенне 4 жніўні пікетаў салідарнасці з палітвязнямі былі пададзеныя ў больш чым дзесяці гарадах, аднак усюды правядзенне акцый было забаронена мясцовымі ўладамі.
Напярэдадні Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі Міжнародная федэрацыя правоў чалавека чарговым разам заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць свайго віцэ-прэзідэнта Алеся Бяляцкага. Неадкладна вызваліць Бяляцкага і спыніць пераслед праваабаронцаў заклікаў і спецдакладчык па Беларусі Савету ААН па правах чалавека Міклаш Харашці, а таксама прадстаўнік Дзярждэпа ЗША, нагадвае БелаПАН.