Двоеўладдзе з паслухмяным прэзідэнтам і стырнавым: што абяцае новая Канстытуцыя
"Калі галасы будзе лічыць ранейшая ЦВК, то прызнанне з боку еўрапейскіх краін малаімавернае" / Еўрарадыё
Навошта Лукашэнку мяняць цяперашнюю Канстытуцыю, у якой у яго значна больш паўнамоцтваў у параўнанні з новай, якую збіраюцца хутка прыняць? Рэферэндум, пафасныя прамовы — для чаго гэта ўсё?
— Гаворка, па-сутнасці, ідзе пра транзіт улады. Рэферэндум патрэбны для таго, каб, з аднаго боку, умацаваць дзейную сістэму ўлады, пакінуць яе ў сваёй аснове. З іншага боку, для таго, каб пракласці масток, паказаць, як яна [сістэма ўлады. — Еўрарадыё] будзе развівацца далей, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. — Але ўлічваючы тое, што ва ўладзе дзейны кіраўнік дзяржавы знаходзіцца досыць шмат, усе ўжо разумеюць, што трэба правесці ратацыю.
Як будзе выглядаць схема такой ратацыі?
— Перасесці на больш спакойнае і больш значнае месца [старшыні Усебеларускага народнага сходу. — Еўрарадыё] кіраўніку дзяржавы, каб перадаць стырно ўлады іншаму абранаму, хутчэй за ўсё, з абмеркаваннем яго кандыдатуры, прэзідэнту і пры гэтым збоку кіраваць дзяржаўнай машынай. У праект паправак уключаны спецыяльны артыкул пра тое, што прэзідэнту, які спыніў паўнамоцтвы, захоўваюць гарантыі бяспекі, прыцягваць да адказнасці яго нельга.
Такім чынам, будзе ў пэўнай ступені двоеўладдзе: прэзідэнт, які будзе працаваць, і кіраўнік дзяржавы, аўтарытэт, стырнавы, які будзе як бы назіраць збоку. Які будзе даваць парады, будзе, магчыма, крытыкаваць і прэзідэнта, і ўрад, патрабаваць у іх справаздачу. Гэта задавальняе і дзейную ўладу, і цяперашняга кіраўніка дзяржавы, які адыдзе трошкі ўбок, але ў той жа час будзе заўсёды пры справе.
Якая небяспека хаваецца ў такім двоеўладдзі?
— У яго [ў "стырнавога". — Еўрарадыё] будуць паўнамоцтвы ўплываць на прэзідэнта і нават пры пэўных абставінах ставіць пытанне пра зняцце яго з пасады. Можа быць прапанавана напісаць заяву аб адстаўцы і здаць справы. Думаю, гэтага будзе цалкам дастаткова для таго, каб прэзідэнт пакорліва і паслухмяна выканаў гэту "параду".
Але ж мала проста прыняць новую Канстытуцыю. Для поўнай легітымізацыі рэжыму трэба, каб яе прызналі ў міжнароднай супольнасці. Прызнаюць?
— Малаімаверна, што такое здарыцца, — лічыць Міхаіл Пастухоў. — Яшчэ важна тое, як гэты рэферэндум будзе праходзіць. Калі будзе праходзіць як і раней, калі галасы будзе лічыць ранейшая Цэнтральная выбарчая камісія, калі будуць фальсіфікацыі, то прызнанне з боку еўрапейскіх краін малаімавернае.
Але ў той жа час застаюцца краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, якія цалкам могуць прызнаць новую рэдакцыю Канстытуцыі. І такі "карабель", калі можна яго так назваць, паплыве далей трошкі абноўленым і, можа быць, з іншым капітанам на мосціку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.