Дырэктара "Беларускага дома ва Украіне" знайшлі павешаным
Дырэктара "Беларускага дома ва Украіне" Віталя Шышова, які знік ўчора ў Кіеве, знайшлі павешаным сёння ў адным з кіеўскіх паркаў, недалёка ад месца яго пражывання. Пра гэта паведаміла кіеўская паліцыя. Мабільны тэлефон і асабістыя рэчы Віталя канфіскаваныя з месца здарэння.
Паліцыя пачала крымінальную справу па артыкуле "Наўмыснае забойства". Плануецца праверыць усе версіі, у тым ліку версію забойства, замаскіраванага пад суіцыд.
Як распавядала Еўрарадыё, зранку 2 жніўня Шышоў выйшаў на штодзённую прабежку і не вярнуўся.
Як паведамілі Еўрарадыё ў "Беларускім доме ва Украіне", Шышоў стаяў ля вытокаў гэтай арганізацыі. Ва Украіну ён быў вымушаны пераехаць з Гомеля ўвосень 2020-га, ратуючыся ад пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту.
Віталь браў актыўны ўдзел у розных сферах: дапамагаў рэлакантам (ад прадуктаў, рассялення і працаўладкавання да запісу інтэрв'ю, медыцынскай і юрыдычнай дапамогі), ладзіў акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, фармаваў дыяспару ва Украіне.
У "Беларускім доме ва Украіне" кажуць, што за Шышовым сачылі. Пра гэта паведамлялася паліцыі.
"Таксама нас неаднаразова папярэджвалі як мясцовыя крыніцы, так і свае людзі ў РБ аб разнастайных правакацыях — аж да выкрадання і ліквідацыі. Віталь стаічна і з гумарам ставіўся да гэтых папярэджанняў, заяўляючы, што хоць так магчыма БДУ выйдзе з інфавакуўму са сваёй нязручнай пазіцыяй. Аднак ён усведамляў, што небяспека рэальная. Нават варыянт выкрадання або нападу падчас прабежкі намі прагаворваўся. На што ён гэтак жа з гумарам адказваў, што нас саміх у гэтым і абвінавацяць", — кажуць у "Беларускім доме ва Украіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.