Дырэктарка фірмы брала перадаплату за будматэрыялы, але не думала іх пастаўляць
Ахвяры махляркі і газасілікатныя блокі / МУС
Апошнім часам мы шмат распавядаем пра махляроў у сферы высокіх тэхналогій. Можа нават скласціся ўражанне, што часы традыцыйных злодзеяў мінулі. Але гэта не так. Небяспека быць падманутым узнікае не толькі калі нехта пад відам супрацоўнікаў банка просіць вас назваць даныя свайго банкаўскага рахунку.
43-гадовая мінчанка, напрыклад, скарысталася вельмі традыцыйным спосабам "ад'ёму сродкаў у насельніцтва". Яна размяшчала ў інтэрнэце абвесткі пра тое, што прадае газасілікатныя блокі. Але пастаўляць іх не збіралася.
Калі час выходзіў, яна распавядала кліентам пра праблемы на вытворчасці. А ў канцы красавіка папросту звольніла сябе і сваіх супрацоўнікаў і падала фірму на ліквідацыю.
Так у як атрымалася прысабечыць больш за 160 тысяч рублёў. Ахвярамі махляркі сталі 20 чалавек. Вось што яны распавядаюць.
— Яны ўсё цягнулі і цягнулі. Не прывозілі. Надвор'е стала добрае... А блокаў дагэтуль няма.
— [Яна казала], што ўвесну блокі будуць даражэйшыя. Таму лепш аплаціць цяпер. Для вас будзе фіксаваная цана, яна не вырасце. А пастаўка будзе праз месяц пасля вашага званка.
— Пачакайце, на заводзе няма адгрузак. Канвеер спыніўся, "чатырохсоткі" не вырабляюць.
— Дырэктарка пайшла на бальнічны. А пасля мы рэзка даведаліся, што фірма ліквідуецца. А менеджар сказаў, што яго звольнілі.
Як не трапіцца ў пастку падобных махляроў?
Па-першае, вельмі сумнеўным выглядае патрабаванне 100-працэнтнай перадаплаты. Калі чуеце яго — гэта нагода насцярожыцца.
Па-другое, калі фірма сур’ёзная — да вас у яе былі кліенты. Заўжды можна звязацца з імі. А калі яны задаволеныя паслугамі — дырэктарка кампаніі сама падкажа іх кантактныя дадзеныя (папярэдне перапытаўшы ў іх, ці можна гэта зрабіць).
Па-трэцяе, калі закупка буйная і вы рызыкуеце вялікімі грашыма — не палянуйцеся патэлефанаваць на завод, з якім супрацоўнічае фірма, і высветліць, ці сапраўды гэта так.
Ну і водгукі ў інтэрнэце тое-сёе могуць падказаць. Вядома, яны не мусяць быць вырашальным фактарам. Але калі іх няма, ці яны ўсе напісаныя як пад капірку — гэта можа быць прыкметай махлярства.
І галоўнае — памятайце: бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы. Калі вас заманьваюць самымі нізкімі цэнамі і шалёнымі зніжкамі — гэта нагода пераправерыць усё 10 разоў, не менш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.