Джонсан: Францыя верыла, што вайны не будзе, а Германія — што Кіеву лепш здацца
Борыс Джонсан / Forum
"Гэта было вялікім шокам... Мы назіралі, як групуюцца расійскія батальённа-тактычныя групы, але розныя краіны рэагавалі па-рознаму", — перадае Бі-Бі-Сі словы Борыса Джонсана пра пачатак расійскай вайны ва Украіне.
Экс-прэм'ер Вялікабрытаніі ў інтэрв'ю CNN Portugal расказаў, як саюзнікі Украіны ўспрынялі пачатак расійскай агрэсіі.
Францыя, па яго словах, да самага апошняга моманту адмаўлялася верыць, што будзе вайна. "Германія ў нейкі момант лічыла, што калі гэта адбудзецца, што будзе катастрофай, то лепш хутчэй з усім скончыць, а Украіне — здацца", — заявіў Джонсан.
Урад Італіі пад кіраўніцтвам Марыё Драгі ў нейкі момант заявіў, што не можа падтрымаць пазіцыю іншых краін, бо мае вялікую залежнасць ад расійскіх вуглевадародаў.
На думку Джонсана, Пуцін сам сябе падмануў, паверыўшы ва ўяўнае "хтанічнае адзінства" Расіі ды Украіны і ў тое, што "рулі расійскіх танкаў будуць упрыгожваць кветкамі".
Дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне ён назваў ваеннымі злачынствамі: "Разбураныя гарады, дзясяткі тысяч нявінных мірных жыхароў, забітыя без разбору ў зверскіх бамбаваннях. Удары па школах, дзіцячых садах і бальніцах. Усюды, адкуль войскі Пуціна выціскаюцца, мы бачым сведчанні ягоных ваенных злачынстваў: сістэматычны гвалт, пакоі катаванняў, міны і пасткі, закліканыя скалечыць тых мірных жыхароў, якія іх знойдуць".
Джонсан заклікаў краіны Захаду не спыняць дапамогу Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.