Дзіцячыя паліклінікі Магілёва пачалі працаваць па нядзелях — праз грып
Магілёўская цэнтральная паліклініка, ілюстрацыйнае фота
Праз уздым захворвання на грып дзіцячыя паліклінікі Магілёва пачалі працаваць па нядзелях. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі.
Пацыентаў па нядзелях будуць прымаць дзяжурныя дактары-педыятры з 9:00 да 15:00.
Тым часам галоўны санітарны лекар Магілёва Вячаслаў Гурскі заявіў, што ў параўнанні з мінулым тыднем захворванне на ВРВІ і грып знізілася на 10%. Праўда, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года захворванне вырасла на 20%. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю YouTube-каналу Му.mogilev.
Таксама Гурскі расказаў, што некалькі апошніх гадоў у Магілёве часцей за ўсё выяўлялі ў пацыентаў вірус H1N1 (свіны грып). Але ў гэтым эпідсезоне у хворых выяўляюць вірус H3N2 (ганконгскі грып). Пры гэтым медык услых не называў яго ганконгскім. Па словах Гурскага, да гэтага тыпу віруса належалі ўсе даследаваныя выпадкі.
Таксама медык канстатаваў, што сярод усіх пацыентаў 65,4% складаюць дзеці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.