Амбасадар ЕС Дзірк Шубель напісаў ліст да беларусаў

Дзірк Шубель / https://www.facebook.com/EUinBelarus
Дзірк Шубель / https://www.facebook.com/EUinBelarus

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель апублікаваў ліст да беларусаў. "Пасля трох гадоў знаходжання на пасадзе мой мандат Амбасадара ЕС у Беларусі падышоў да завяршэння, — піша ён. — Беларускія ўлады вырашылі не працягваць мне візу і акрэдытацыю яшчэ на год, што вельмі ўскладняе рэалізацыю майго мандату. Я вельмі шкадую аб гэтым рашэнні, бо быў гатовы працягваць працу з Беларуссю ў якасці Амбасадара і нават спадзяваўся вярнуцца ў Мінск, каб там правесці апошні год свайго знаходжання на пасадзе".

Шубель быў кіраўніком прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне з верасня 2019-га. Ён адзначае, што ў той час у Бруселя і Мінска двухбаковыя адносіны "ў цэлым мелі станоўчую дынаміку". Але ўсё змянілася ў 2020 годзе. "Я выконваў свой абавязак, увесь час даводзячы афіцыйную пазіцыю ЕС адносна фальсіфікацыі выбараў і пастаяннага прымянення сілы супраць невінаватых людзей адказным службовым асобам з беларускага боку і падтрымліваючы народ Беларусі ў яго шчырых памкненнях да дэмакратыі і захавання правоў чалавека", — піша Дзірк Шубель. Летам 2021-га на патрабаванне МЗС РБ ён быў вымушаны выехаць у ЕС "для кансультацый" і назад вярнуцца ўжо не змог.

"На сёння ў Беларусі налічваецца больш за 1340 палітычных зняволеных, чыйго неадкладнага і безумоўнага вызвалення мы працягваем патрабаваць, — адзначаецца ў лісце. — Лідар беларускіх праваабаронцаў Алесь Бяляцкі стаў адным з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру сёлета. Гэтая навіна прыўнесла ў змрок нашага часу прамень надзеі, надзеі на тое, што Алесь атрымае даўно заслужаную ўзнагароду асабіста".

Шубель: "Я бачу велізарны нявыкарыстаны патэнцыял і таму зусім не сумняваюся, што краіну, якую я вельмі палюбіў, чакае цудоўная будучыня".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі