Дзмітрый Рабаў: Цяперашняе надвор'е характэрнае для жніўня
14 верасня ў Мінску +20. У той жа час сярэднекліматычная норма паветра ў сталіцы ў верасні — 16,7 градусаў цяпла. Начальнік прагнозаў Гідрамета і Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў кажа, што ў Беларусі працягваецца кліматычнае лета. Маўляў, такое сухое і цёплае надвор'е характэрнае для жніўня.
6 цытатаў ад Дзмітрыя Рабава
У нас на календары восень, але кліматычная восень яшчэ не прыйшла. Цяперашняе надвор'е характэрнае для жніўня.
Існуе тэрмін "клімат мегаполіса". То бок горад працуе як цеплавая машына. Тут усё заасфальтавана, шмат забудоваў, фабрык і заводаў. І тэмпература ў раёнах, дзе гэта пераважае, на 1-3 градусы вышэйшая, чым у менш забудаваных раёнах. Самымі цёплымі раёнамі ў Мінску лічацца Цэнтральны і Заводскі. Найбольш прахалодныя — спальныя раёны.
Каб правільна прачытаць прагноз надвор'я, неабходна ўлічваць усе параметры, а не толькі глядзець на ападкі і тэмпературу. Трэба ўлічваць і вільготнасць, і ціск, і воблачнасць, і вецер. Толькі скампанаваўшы ўсё гэта, можна зразумець, якое чакаецца надвор'е і як апранацца. Дзяўчаты на беларускіх тэлеканалах чытаюць прагноз надвор'я, выпушчаны Гідраметам і Мінпрыроды. Вырашылі, што так прыгожа. Але, натуральна, давяраць трэба прагнозам сіноптыкаў ці метэаролагаў: гэта людзі, якія ведаюць, пра што кажуць.
Мне хочацца, каб прагноз надвор'я не быў сухім, кшталту "воблачна з праясненнямі, месцамі кароткачасовыя дажджы" і г.д., а каб людзям было цікава яго чытаць. Праўда, усё залежыць ад надвор'я: калі гаворка ідзе пра складаныя ўмовы надвор'я, то тут, канечне, не да рамантыкі. А калі спакойнае надвор'е, чаму б не дадаць у прагноз паэзіі? Мне падаецца, гэта таксама павялічвае адсотак даверу да нашага Гідрамета.
Мне больш за ўсё падабаецца музыка да прагнозу надвор'я, якая гучала ў праграме "Время". І ўвогуле, ёсць шмат добрых песень, прысвечаных надвор'ю і сіноптыкам. У Бутусава, і ў Шаўчука, і ў Земфіры. Гэтай тэме прысвечаныя вершы і карціны. І гэта натуральна, бо надвор'е — пытанне, якое хвалюе чалавека ў першую чаргу. Калі вы прачынаецеся, то найперш глядзіце ў акно — якое надвор'е. А потым ужо ўсё астатняе.