Дзяўчынку, якую маці выкінула ў смеццеправод, будуць выхоўваць сваякі
19 верасня жыхары аднаго са шматпавярховікаў у Мачулішчах пад Мінскам у смеццевым кантэйнеры знайшлі нованароджанае дзіця са шматлікімі траўмамі. Следчыя выявілі, што маці дзяўчынкі з'яўляецца 28-гадовая жанчына, жыхарка дома, у якой ёсць двухгадовы хлопчык. Жанчына сама нарадзіла і адразу выкінула дзіця ў смеццеправод. Дзяўчынка праляцела сем паверхаў, атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму, закрытую траўму жывата, удары унутраных органаў і шматлікія пашкоджанні скурных пакроваў. І выжыла. А цяпер ідзе на папраўку.
Праз месяц пасля здарэння галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай дзіцячай бальніцы Дзмітрый Зайцаў кажа, што дзяўчынка пераведзеная ў аддзяленне дзяцей груднога ўзросту. Немаўляці пакуль не далі імя, гэта мусяць зрабіць сваякі. Менавіта нехта з іх стане апекуном дзяўчынкі і яе старэйшага брата.
Як тлумачыць Еўрарадыё Таццяна Шандарэўская, загадчыца сектара сацыяльнай і выхаваўчай працы аддзела адукацыі Мінскага райвыканкама, прыярытэтным для дзяцей з'яўляецца ўладкаванне ў сям'ю сваякоў:
"Таму ў выпадках, калі ёсць сваякі, мы не разглядаем іншыя варыянты. Тым больш, ідзе гаворка пра дваіх дзетак. На дадзены момант праводзіцца праверка па заяве кандыдата ў апекуны, па выніках якой будзе прынятае рашэнне выканкама аб устанаўленні апекі".
Тым часам, узбуджаная крымінальная справа за замах на забойства. У Следчым Камітэце Мінскай вобласці паведамляюць, што цяпер у дачыненні да жанчыны праводзіцца псіхолага-псіхалагічная экспертыза. Да гэтага выпадку ў аддзел адукацыі ніякіх паведамленняў аб праблемах у сям'і з іншых ведамстваў не паступала. Суседзі адгукаюцца пра жанчыну станоўча: яна пражывала разам з маці і сястрой у адной кватэры, вельмі любіла першае дзіця (хлопчык заўсёды быў дагледжаны), за бутэлькай заўважаная не была. Жанчына замужам, але пра яе мужа жыхары дома амаль нічога не ведаюць.