ЕАБР палепшыў прагноз на гэты год — рост ВУП Беларусі складзе 2,2%

У далейшым дзелавая актыўнасць Беларусі "па-ранейшаму будзе стрымлівацца павышанай нявызначанасцю" / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У далейшым дзелавая актыўнасць Беларусі "па-ранейшаму будзе стрымлівацца павышанай нявызначанасцю" / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Еўразійскі банк развіцця апублікаваў макраэканамічны прагноз на 2023-2025 гады. Прагноз на гэты год быў палепшаны для ўсіх дзяржаў-удзельніц банка. Падставай зрабіліся "моцныя вынікі пачатку гэтага года на фоне досыць хуткай адаптацыі эканомік" да новых умоў, а таксама падтрымка з боку падаткова-бюджэтнай палітыкі ў шэрагу краін.

На думку аналітыкаў банка, ВУП Беларусі паводле вынікаў года вырасце на 2,2%. Гэтаму спрыяюць "аднаўленне попыту ў Расіі і частковая перастройка лагістычных ланцужкоў". Эканоміка Расіі па выніках павялічыцца на 1%. Больш чым на 4% вырасце ВУП у Казахстане і Кыргызстане, больш чым на 7% — у Арменіі, амаль на 8% — у Таджыкістане (не ўваходзіць у ЕАЭС, але з'яўляецца ўдзельніцай банка).

Пры гэтым у далейшым дзелавая актыўнасць Беларусі і Расіі "па-ранейшаму будзе стрымлівацца падвышанай нявызначанасцю, цяжкасцямі ў пастаўках прадукцыі" і абмежаваннем доступу да перадавых тэхналогій.

Гадавая інфляцыя ў Беларусі складзе 7,8%. Трохі вышэйшай інфляцыя будзе толькі ў Казахстане. Запаволенне росту коштаў у рэгіёне ЕАБР у банку тлумачаць "адаптацыяй эканомік і адыходам ад шоку пачатку 2022 года". Высокія паказчыкі інфляцыі летась тлумачыліся рэзкім ростам дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканняў. У 2024-2025 гадах інфляцыя ў большасці краін рэгіёна павінна наблізіцца да мэтавых значэнняў, разлічваюць у ЕАБР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі