Эдуард Ханок: Калі б прайграў суд АНТ, не судзіўся б з Паплаўскай і Ярмоленкам
10 ліпеня кампазітар Эдуард Ханок выйграў суд у АНТ. Вярхоўны суд прызнаў, што тэлеканал парушыў правы на яго імя. Гаворка ідзе пра вечар памяці Аляксандра Ціхановіча, які здымаў АНТ. Падчас канцэрта прагучалі чатыры песні Ханка, аднак ні цягам канцэрта, ні ў цітрах да перадачы, ні ў цітрах да запісу імя Ханка пазначанае не было.
Цяпер тэлеканал абавязаны выплаціць Ханку ў якасці маральнай кампенсацыі 500 рублёў. Гэта амаль удвая менш, чым заяўляў у іску кампазітар. Але Ханка гэта не хвалюе:
"Для мяне фінансавы бок не іграе ролі. Я даволі забяспечаны чалавек. Гэта па-першае, — кажа ў размове з Еўрарадыё Эдуард Сямёнавіч. — А па-другое, я ўпершыню звяртаўся ў суд. Знаёмыя мне параілі не заяўляць вялікіх сум, бо ўсё адно не дадуць. Таму навошта прасіць, напрыклад, пяць тысяч, а потым атрымаць 300 рублёў, і будуць усе смяяцца?"
Прыгаворам суда Ханок надзвычай задаволены. Цяпер ён рыхтуе іскі супраць народных артыстаў Беларусі — Ядзвігі Паплаўскай і Анатоля Ярмоленкі. Прычына ўсё тая ж: па словах кампазітара, яны не ўзгадвалі яго імя як аўтара песень на сваіх канцэртах.
"Паплаўская заявіла, што аб'яўляла мяне на ўсіх канцэртах. Гэта падман. Няхай яна разам са сваёй дачкой прыйдзе ў суд і дакажа гэтую інфармацыю, тады ніякіх спрэчак не будзе. Ярмоленка ні разу майго прозвішча не назваў, пры гэтым паўсюль піярыў кампазітара Іванова, які напісаў песню "Алеся". Гэта здзек з аўтара з асаблівай жорсткасцю. Паплаўская з Ярмоленкам практычна прынізілі мяне да ўзроўню афіцыянта", — абураецца Ханок.
Ён кажа, што калі б прайграў суд супраць АНТ, то пакінуў бы ідэю судзіцца з артыстамі. Але перамога надала яму сілы. Вынікі судоў і ўсю сітуацыю вакол сваіх песень і абароны правоў на імя кампазітар збіраецца апісаць у сваёй кнізе пад назвай "Нас б'юць — мы лятаем ад болю ўсё вышэй". Ідэя напісаць яе з'явілася ў Ханка яшчэ ў 2015 годзе, аднак падзеі апошняга года зоймуць у ёй шмат месца:
"У гэтай кнізе я заяўляю, што ёсць катэгорыя байцоў. Байцы і небайцы аднолькава перажываюць непрыемнасці. Але чым больш гнуць байцоў, тым больш яны пружыняць і вышэй ўздымаюцца. Я адношуся да катэгорыі байцоў і паказваю, што жыццё мяне біла, а я падымаўся. Цяпер у мяне і стопрацэнтнае здароўе, прафесія сустветнага маштабу, я адкрыў закон хвалі, сакрэт анкалогіі і як быць бессмяротным".