Эканаміст: Беларусь павысіла свой эканамічны рэйтынг, ашукваючы Расію
Эканаміст Леанід Злотнікаў расказаў аб прычынах росту эканамічнага рэйтынгу Беларусі ў ацэнцы міжнародных агенцтваў.
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s, што займаецца даследаваннем фінансавага рынку і належыць да тройкі найбольш уплывовых агенцтваў свету, павысіла кароткатэрміновы рэйтынг Беларусі з узроўню С да В.
Еўрарадыё: Што ж такога мы зрабілі, што на нас паглядзелі іншымі вачыма ды змясцілі з перадапошняга месца?
Леанід Злотнікаў: Адзін з галоўных паказнікаў устойлівасці валюты, устойлівасці эканомікі — гэта бягучае сальда выплатнага балансу. Гэты паказнік упершыню стаў у нас станоўчы ў траўні. Летась ён быў істотна адмоўны: гэта былі мінус мільярды долараў.
Еўрарадыё: А чаму гэтае сальда так палепшала?
Леанід Злотнікаў: Найгалоўнейшы фактар (апроч дэвальвацыі, вядома, хоць яна б адна так не дапамагла) — гэта адмысловыя сёлетнія ўмовы гандлю нафтай і нафтапрадуктамі. Мы ведаем, што экспарт нафтапрадуктаў з Расіі пабольшаў. Беларусь пачала болей пастаўляць на Захад так званых разбаўляльнікаў ды растваральнікаў. Тыя самыя нафтапрадукты цяпер вывозяцца як растваральнікі і разбаўляльнікі, і Беларусь запоўніла ўвесь свет, задаволіла ўсю патрэбу свету гэтымі разбаўляльнікамі.
Аказалася, што за растваральнікі і разбаўляльнікі не спаганяецца мыта на экспарт. Калі б мы вывозілі нафтапрадукты — мы мусілі б вяртаць мыта на экспарт Расіі. Гэта цяпер на тону — ад 300 да 400 долараў. Гэта вялікая сума. А тут выходзіць, што мы вывозім нафтапрадукты з Расіі, быць можа трошачкі (каб пахнула, як кажуць) разбаўляем, зусім не працуючы над іх перапрацоўваннем — і адпраўляем на Захад ужо ў выглядзе іншага прадукту, за які ўжо не спаганяецца мыта. Аб’ём такіх паступленняў у беларускі бюджэт — нешта з 2 мільярды долараў на год. За гэтыя 5 месяцаў мы атрымалі недзе 800-900 мільёнаў.
Калі б гэта ўсё ішло спраўна — мы б гэтыя грошы аддалі ў расійскі бюджэт. Гэта належала аддаць. Ведаеце, гэта скандал і мы маем станоўчае сальда толькі дзякуючы аперацыям з нафтаю і нафтапрадуктамі. Колькасць нафтапрадуктаў таксама пабольшылі ды таксама маем дадатковы даход. Яшчэ адна рэч, якая робіць нашае сальда станоўчым… Калі б мы вывозілі толькі адны нафтапрадукты — мыта на экспарт нафтапрадуктаў некалі ўключалася ў цану нафты, якую пастаўлялі з Расіі ў Беларусь. Так было толькі да 2010 года. Потым тое мыта на экспарт было знятае з цаны на нафту, што пастаўляе Расія, і мы мусілі, адправіўшы нафтапрадукты, мыта на нафтапрадукты пералічыць у расійскі бюджэт.
Такім парадкам тое мыта на экспарт перш уключалася ў цану нафты, а значыць і ў сальда гандлёвага балансу. Таму яно было адмоўнае. А цяпер яно не ўключаецца ў сальда гандлёвага балансу, а толькі ў сальда бягучага рахунку. Таму выходзіць на тое, што сальда гандлёвага балансу істотна палепшала за апошнія два гады. Толькі дзякуючы гэтай аперацыі яно палепшала на тры мільярды долараў на год у 2011 годзе, а сёлета палепшае яшчэ больш. Калі параўноўваць нашае сальда гандлёвага балансу з 2010 годам — мы бачым, што істотна змянілася, яно стала станоўчым, і станоўчым недзе больш як на мільярд за 5 месяцаў. Дый нават сальда бягучага рахунку дзякуючы сёлетнім аперацыям з нафтапрадуктамі і экспарту растваральнікаў ды разбаўляльнікаў набыло іншыя паказнікі.
Як жа ўжо рэйтынгавае агенцтва такіх дэталяў не аналізуе, яно бачыць толькі макраэканамічныя паказнікі — гэта добрыя макрапаказнікі. Калі заўтра Расія ўключыць разбаўляльнікі ды растваральнікі ў спіс нафтапрадуктаў і скажа, што гэта нашае мыта і нашы нафтапрадукты, зрабіце ласку, аддайце, (гэта магчыма) — тады адразу сёлетняя фінансавая сітуацыя пагоршыцца на два мільярды долараў (гэта бягучы рахунак). Гэта гадавы аб’ём таго мыта, якое мы прыўлашчваем за кошт нафтапрадуктаў, што ідуць у выглядзе разбаўляльнікаў. Таму, вядома ж, наш дабрабыт можа рэзка пагоршыцца, калі Расія пачне ўлічваць мыта на разбаўляльнікі. Гэтага рэйтынгавае агенцтва не ўлічвае. Таму ўсё так добра выходзіць.
На макрапаказнікі таксама ўплываюць усе расійскія субсідыі. Але эканоміка наша папраўдзе кепская. Калі б адкінуць расійскія субсідыі — нічога добрага з гэтага не было і рэйтынгу нам бы гэта не павысіла.
Еўрарадыё: Здаецца, гэтую схему рэгулярна выкарыстоўваюць беларускія ўлады, прадаючы тую ж нафту на Захад нашмат даражэй, як купілі ў Расіі…
Леанід Злотнікаў: Быў перапродаж нафты, можа і не надта даражэй, але нешта нам заставалася. Летась, напрыклад, калі б мы экспартавалі расійскую нафту — мы б плацілі мыта Расіі. Але Расія зрабіла нам ласку — тыя 1,8 мільёна тон нафты, якую мы самі здабываем. Гэта было кампенсаванае расійскаю нафтаю, але ў гэтым выпадку мыта мы пакінулі сабе.
Еўрарадыё: Што будуць абмяркоўваць беларускія ўлады з прэм’ерам Расіі Мядзведзевым падчас яго візіту?
Леанід Злотнікаў: Я ведаю, што ў нас шмат супярэчнасцяў у эканоміцы, і мяркую, што гэтыя супярэчнасці стрымліваюць імпэт прэзідэнта Пуціна стварыць канкурэнтную адзіную эканамічную прастору. Беларусь вельмі хоча захаваць свае прывілеі, нейкія выключэнні для сябе: тыя ж нафтапрадукты і інш. Тут шмат супярэчнасцяў. Вядома, гэтыя супярэчнасці тут спрабуюць развязаць.
Еўрарадыё: Ці будзе Беларусь дапасоўвацца да ўступлення Расіі ў СГА?
Леанід Злотнікаў: Вядома. Тут таксама супярэчнасць. Канкурэнцыя на расійскім рынку вырастае, беларускія тавары робяцца менш здольныя канкурыраваць з іншымі. Гэта адбудзецца не адразу сёлета: цягам 3 гадоў нашая сітуацыя будзе змяняцца не на карысць Беларусі. Можа, Беларусь неяк хацела б крыху забяспечыцца: адгарадзіць свой рынак ад расійскіх тавараў — яна ўжо адгароджвае. Магчыма, будуць абмяркоўваць, як абараніць сельскагаспадарчую тэхніку. Расійская тэхніка таксама будзе ў небяспецы амаль ад сёлетняй пары. Утрая зніжаецца мыта на імпарт у Расію сельскагаспадарчай тэхнікі. Быць можа, павялічаць кошты на ўтылізацыю адпрацаванай тэхнікі.