Эксперт: Беларуская карупцыя — сціплая, ёй афшоры не патрэбныя

Эксперт: Беларуская карупцыя — сціплая, ёй афшоры не патрэбныя

Скандал з чарговай уцечкай дакументаў пра афшоры, "Райскімі паперамі", набірае абароты. Цягам некалькіх тыдняў журналісты з кансорцыума ISIJ абяцаюць апублікаваць у адкрытым доступе ўсе атрыманыя файлы. Тады, магчыма, у расследаванні з'явіцца і "беларускі след". Пакуль жа згадак пра беларускі бізнес у "Райскіх паперах" ніхто не шукаў. Затое ланцужкі, якія там знайшліся, цягнуцца да атачэння Дональда Трампа, Джасціна Трудо, брытанскага прынца Чарльза і яго матулі, каралевы Лізаветы ІІ

Ці азначае гэта, што ўсе згаданыя палітыкі маюць дачыненне да карупцыі ці падатковых злачынстваў? У чым адрозненне "Райскіх папераў" ад "Панамскіх папераў", уцечка якіх здарылася ў 2016 годзе? Як да "афшораў" ставіцца беларускае заканадаўства? Размаўляем пра гэта са старшым аналітыкам кампаніі "Альпары" Вадзімам Іосубам. Дапамагае нам зразумець сітуацыю Раман Анін, кіраўнік адзела расследаванняў "Новай газеты", які працуе з "Райскімі паперамі".

Эксперт: Беларуская карупцыя — сціплая, ёй афшоры не патрэбныя
Вадзім Іосуб і Раман Анін

Мінімізацыя падаткаў і яшчэ тое-сёе

Еўрарадыё: Сёння, калі мы чуем слова "афшор", адразу ўзнікае адчуванне крыміналу. Але ці заўжды чалавек сувяззю з афшорамі парушае закон?

Вадзім Іосуб: Афшорныя юрысдыкцыі — гэта месцы, дзе можна рэгістраваць кампаніі і плаціць невялікія падаткі, ці часам увогуле іх не плаціць. Калі мы кажам пра аптымізацыю падаткаў, дык яна бывае цалкам законнай. Кожны з нас гэтым займаецца: мы выкарыстоўваем стандартны вылік пры аплаце падаходнага падатку. Калі ёсць непаўналетнія дзеці, дык мы плацім трошкі менш, калі мы выдаткоўваем грошы на будаўніцтва дома ці на адукацыю дзяцей, гэта таксама ўлічваецца. Вы прынцыповы праціўнік афшораў? Адмаўляйцеся тады і ад такіх стандартных выклікаў. 

Еўрарадыё: Дык афшоры — гэта пра мінімалізацыю падаткаў?

Вадзім Іосуб: Гэта не адзіная мэта іх існавання. Часта там адкрываюць кампаніі проста для структуравання здзелак. Там адкрываюць інвестыцыйныя фонды, калі свая крана гэтага рабіць не дазваляе. Праз афшорныя кампаніі афармляюцца трэсты, спадчына і г.д. Безумоўна, гэта далёка не заўсёды парушэнне закону, хаця слова "афшор" і праўда чамусьці стала сінонімам слова "злачынства". Пытанне ў тым, як ставіцца да афшораў краіна, рэзідэнтам якой з'яўляецца бізнесовец. Просты прыклад: набыццё зброі — гэта злачынства ці не? У пэўных краінах гэта законна, у пэўных часткова абмежавана законам, а дзесьці цалкам забаронена. Тая ж гісторыя і з афшорамі.

"Бывае падатковае злачынства, а бывае падатковая аптымізацыя" 

Еўрарадыё: Што беларускае заканадаўства думае пра афшоры?

Вадзім Іосуб: Беларускія прозвішчы ў "Райскіх паперах", наколькі я ведаю, пакуль не фігуравалі. А па-другое, у адпаведнасці з валютным заканадаўствам, калі беларуская фізічная асоба адкрывае кампанію ў замежжы (не важна, у афшорнай зоне ці не), гэта лічыцца аперацыяй, звязанай з рухам капіталу, на яе неабходна атрымаць дазвол Нацыянальнага банка Беларусі. Калі такога дазволу не было, дык гэта, мінімум, правапарушэнне.

А па падатковых правапарушэннях нельга абагульняць, кожную сітуацыю трэба вывучаць асобна. Яшчэ раз падкрэсліваю: бывае падатковая аптымізацыя, а бывае падатковае злачынства. Але апошняе мусіць даказаць следства. А бываюць асобныя карупцыйныя схемы, калі, напрыклад, чыноўнік (не важна, якой краіны) мае афшорную кампанію, і грошы на яе рахунку істотна перавышаюць яго заробак. Тады відавочна, што грошы адмываюцца.

Еўрарадыё: У "Райскіх паперах" фігуруе брытанскі прынц Чарльз. Яго сябры нібыта звязаныя акурат з зарэгістраваным у афшоры дабрачынным фондам, які выступае супраць вырубкі трапічных лясоў.

Вадзім Іосуб: Кожнае агучанае прозвішча — гэта не абвінавачанне, а, хутчэй, нагода для правядзення нацыянальнага расследавання. Віну мусіць высвятляць суд, а журналісцкае расследаванне дае толькі першапачатковы матэрыял для разбіральніцтва.

Эксперт: Беларуская карупцыя — сціплая, ёй афшоры не патрэбныя

Для мяне як для чалавека з Расіі афшоры не з’яўляюцца апрыёры злом. Гэта інструмент. І злом ён з’яўляецца толькі тады, калі выкарыстоўваецца для здзяйснення злачынства. Для заходніх журналістаў афшоры адразу з’яўляюцца нечым неэтычным, бо ў іх склалася такая заканадаўчая і фінансавая сістэма, што грошы заведзена захоўваць на радзіме. Маўляў, няма чаго спрабаваць мінімалізаваць свае падаткі. Гэта розніца ў падыходах заходніх і ўсходніх журналістаў да афшораў.

Раман Анін, кіраўнік адзела расследаванняў "Новай газеты", які працуе з "Райскімі паперамі"

Еўрарадыё: То бок, калі прозвішча чалавека фігуруе ў "панамскіх" ці "райскіх" дакументах, гэта яшчэ не азначае, што чалавек з’яўляецца злачынцам?

Вадзім Іосуб: Больш за тое, чалавек можа ўвогуле не ведаць пра свае сувязі з афшорнымі кампаніямі. Цяпер карпаратыўная ўласнасць ці інвестыцыі звычайна ўпраўляюцца на некалькіх узроўнях. Расследаванне можа раскруціць ланцуг інвестыцыйных аперацый паміж фондамі і даказаць, што чалавек мог і не ведаць пра сваю датычнасць да афшорных кампаній. У такой сітуацыяй магла аказацца брытанская каралева.

"Нашы карупцыянеры больш давяраюць долараваму кэшу"

Еўрарадыё: Называюцца вядомыя прозвішчы: прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, прэм’ер-міністра Канады Джасціна Трудо. Але паўсюль фігуруюць нейкія іх сябры, дарадцы.

Вадзім Іосуб: Пакуль гэта так, але гэта не азначае, што расследавання не будзе. Папярэдняя гісторыя з "панамскімі" афшорамі развівалася па такім жа сцэнарыі: спачатку была ўцечка інфармацыі, пасля — журналісцкае расследаванне. Потым у некаторых краінах, дзе неабыякава ставяцца да магчымых падатковых злачынстваў з боку чыноўнікаў, былі праведзеныя нацыянальныя расследаванні. Нехта нават сеў. Падобна, і ў гэтай гісторыі будзе свой працяг.

Раман Анін: Appleby — больш салідная юрыдычная кампанія, чым Mossack Fonseca. У Appleby нашмат больш строгі complined, то бок яны больш уважліва правяраюць кліентаў і імкнуцца не працаваць з тымі, хто выклікае ў іх сумневы з гледзішча закона. Калі яны бачылі хаця б якія-небудзь прыкметы парушэння закона, яны спрабавалі гэта выправіць. Вядомыя выпадкі, калі Appleby адмаўляла ў адкрыцці кампаній [у афшорнай юрысдыкцыі] бізнесменам, якія згадваліся ў сувязі з карупцыйнымі скандаламі. Таму ў новай уцечцы сапраўды менш звестак пра канкрэтныя парушэнні закона. 

Еўрарадыё: Як вы думаеце, чаму беларускіх прозвішчаў гэтым разам пакуль няма? Гэта сведчыць пра сумленнасць беларускіх бізнесоўцаў ці пра іх адсталасць, нежаданне ўключацца ў сусветныя трэнды?

Вадзім Іосуб: Можна было б пажартаваць, што нашы карупцыянеры больш давяраюць долараваму кэшу, а не незразумелым афшорным схемам. Але, насамрэч, тут гаворка пра тое, што зліў інфармацыі адбыўся па пэўных кампаніях. Імаверна, беларусы маглі б мець сувязь з іншымі кампаніямі, якія аказваюць юрыдычную падтрымку пры адкрыцці афшораў. Наўрад ці можна сказаць, што ў нас адсутнічае карупцыя і вывад сродкаў праз афшоры. Хутчэй, праз абмежаванасць рэсурсаў беларуская карупцыя выглядае больш сціплай, чым у нашых суседзяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі