Эксперт: ЕС не ведае, куды далей рухацца ў адносінах з Беларуссю
Вяла цякучы хранічны крызіс з Еўрасаюзам будзе працягвацца, кажа эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас.
Еўрарадыё: Наколькі чаканым ці нечаканым было для вас рашэнне Савета ЕС па Беларусі?
Аркадзь Мошас: Цалкам чаканым — ніякага сюрпрызу ў такім рашэнні я не бачу. Бо бездапаможнасць Еўрапейскага саюза, няздольнасць яго канцэптуальна паглядзець на пытанне санкцый — яна была відавочная. Як была відавочная і непрыярытэтнасць для Еўрасаюза беларускага пытання. Камбінацыя таго, што, з аднаго боку, рукі не даходзяць: нічога не гарыць і нічога не мяняецца, нічога прынцыпова не пагаршаецца і новага не адбываецца, а з іншага боку — што рашучасці паступова нарошчваць санкцыі як не было, так і няма, дзякуючы ўздзеянню розных эканамічных фактараў, — вось гэта і прыводзіць да такіх рашэнняў. Ужо летам, пасля скандалу з медзведзянятамі, было зразумела, што куды рухацца далей — Еўрапейскі саюз не ведае. Таму, найбольш лагічнае рашэнне ў такім выпадку — проста працягнуць санкцыі.
Еўрарадыё: У мінулую пятніцу берлінскі палітолаг Аляксандр Рар у інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў меркаванне, што ЕС можа і паспрабаваць працягнуць руку Беларусі. Прычына, нібыта, у тым, што ЕС губляе Расію і Украіну. На ваш погляд, ці не магло быць хаця б мізэрнага палягчэння санкцый?
Аркадзь Мошас: Аблягчэння санкцый я таксама не чакаў. Бо Еўрасаюз, ідучы на санкцыі, ён так ці інакш спрабаваў захаваць твар. І сёння, не дабіўшыся патрабаванняў, змякчыць санкцыі — гэта было б тое ж самае, што згубіць твар. І ўсё гэта — на фоне пятнічнага рашэння аб прысуджэнні яму “прэміі міра”! Калі ў тым ліку і беларускі праваабаронца намінаваўся! Такое рашэнне ўвогуле б было непрымальным. Я ўвогуле не згодны з такім падыходам: “Калі мы губляем Расію і Украіну — давайце хоць нешта паспрабуем зрабіць у Беларусі”. Я, па шчырасці, такіх імкненняў не назіраю. Безумоўна, ёсць ў Еўропе людзі, якія сцвярджаюць, што апроч бізнесу і грошай у свеце больш нічога няма. Але такія людзі не выдзяляюць выключна Беларусь. Яны падыходзяць з такімі ўніверсальнымі прапановамі да ўсіх краін.
Еўрарадыё: А тое, што ніякага рашэння, насуперак чаканням, не было прынята адносна зняцця забароны на ў’езд у ЕС міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея — гэта таксама нармальна?
Аркадзь Мошас: Можа, гэта і не зусім нармальна, але ж я кажу — Еўрапейскаму саюзу няма чаго сказаць. Бо ўнутраная дыскусія, якая перыядычна там ўзнікае, яна да нейкай адзінай лініі, да адзінай высновы не прыходзіць. А ў гэтых умовах чакаць увагі да дэталяў, што будзе прынятае нейкае рашэнне, якое будзе і ўнутрана не супярэчлівым, і ўзгоднена з усімі сябрамі, і не будзе выклікаць рэзанансу звонку — вельмі складана, калі ўвогуле магчыма. Уводная, якую міністрам задае больш высокае палітычнае кіраўніцтва, яна загадзя невыканальная. Прасцей — скарыстацца “фігурай маўчання”. Палітыка адносна Беларусі ідзе шляхам, які нельга назваць шляхам найменшага супраціву, але рэчы робяцца таму, што так прасцей, а не таму, што так правільна.
Еўрарадыё: Такім чынам, міністр застаецца неўязным у ЕС?
Аркадзь Мошас: Так. Але сігнал аб зніжэнні ўзроўню кантактаў у дадзеным выпадку даслаў не Еўрапейскі саюз. Так атрымалася, што ў працэсе змены міністра сітуацыю, можа, і не жадаючы гэтага, ускладніў Мінск. Але фактычнае паніжэнне, з-за абставінаў, магчымага ўзроўню паніжэння палітычных кантактаў на практыцы нічога не змяняе. Бо на больш нізкім узроўні кантакты працягваюцца — Беларусь не знаходзіцца ў палітычнай ізаляцыі. І тым больш — у эканамічнай.
Еўрарадыё: Якога развіцця падзей цягам года вы чакаеце — будзе працягвацца гэтая “халодная вайна”?
Аркадзь Мошас: У часы “халоднай вайны” было ідэалагічнае супрацьстаянне, і заявы, што “ўсё вырашаюць грошы”, не маглі прагучаць. У нас няма “халоднай вайны” — у нас абвастрэнне палітычных адносін. Я думаю, што будзе працягвацца вяла цякучы хранічны крызіс. Гэта калі праблема не вырашаецца, і яна можа існаваць дзесяцігоддзямі. І атрымліваецца, што так — зручней для ўсіх.
Фота: democraticbelarus.eu