Эксперт: "Мінск адмяняе візы аднабакова з надзеяй на інвестыцыі"

Эксперт: "Мінск адмяняе візы аднабакова з надзеяй на інвестыцыі"

У Міністэрстве замежных спраў гавораць, што цяпер вядуцца перамовы аб адмене віз у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты для беларусаў.

Беларусь не так часта адмяняе для кагосьці візы. І яшчэ радзей гэта робіць у аднабаковым парадку. Але 27 красавіка агенцтва БЕЛТА публікуе паведамленне аб тым, што кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў 156-ы указ, якім у аднабаковым парадку адмяніў візы для грамадзян Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

 

630 долараў за эмірацкую мультывізу

Зрабіць візу ў Эміраты беларус можа па-рознаму. Лягчэй за ўсё — праз агенцтва. У кампаніі "Надо Віза" Еўрарадыё расказваюць, што працэс вельмі просты: "Патрэбная толькі копія пашпарта і фотаздымак. Калі віза будзе гатовая, то мы яе вам можам скінуць на паштовую скрыню, вы яе потым раздрукуеце. Альбо ў нашым офісе можна забраць. Пашпарт нам ваш не патрэбны, ён будзе ў вас увесь час. Наша паслуга каштуе 1 мільён 400 тысяч, консульскі збор за візу — 70 долараў. Робіцца ўсё за 2-3 дні". А яшчэ дадаюць, што за ўвесь час супрацоўніцтва з консульствам ААЭ выпадкаў адмовы ў візе яшчэ не было.

Але што рабіць, калі патрэбная не турыстычная аднаразовая віза, а шматразовая, ды і грошай для турфірмы шкада? Тады трэба рабіць візу самастойна. І каштаваць яна будзе зусім не 70 долараў. Цяжкасці пачынаюцца ўжо на сайце консульскага аддзела. "У цяперашні час Пасольства ААЭ ў Мінску ажыццяўляе выдачу ўязных віз толькі ў выпадку афіцыйных візітаў і некаторых важных візітаў... Пасольства ААЭ ў Мінску ўсталёўвае некаторыя абмежаванні ў выдачы віз. У першую чаргу гэта тычыцца афіцыйных візітаў і некаторых відаў бізнес-дзейнасці. Такім чынам, візы для агульных візітаў (уключаючы транзітных пасажыраў, якія жадаюць пакінуць транзітную зону) ажыццяўляюцца праз спонсара ў ААЭ", — гаворыцца на сайце.

Эксперт: "Мінск адмяняе візы аднабакова з надзеяй на інвестыцыі"

У якасці спонсараў могуць выступаць буйныя гатэлі (там трэба аплаціць нумар на час паездкі) альбо сваякі, якія жывуць у Эміратах. Таксама дапамагчы з атрыманнем візы можа кампанія, з якой вы там супрацоўнічаеце. Кошты палохаюць — 165 долараў за аднаразовую візу на тры месяцы і ажно 630 — за шматразовую на паўгода. Яшчэ давядзецца даслаць афіцыйны ліст з месца працы з просьбай аб візе ў консульства, копію пашпарта і сам пашпарт, фотаздымак, запоўненую візавую анкету, ліст ад вашага спонсара. Грошы за візу, пастаўленую ў дыпламатычны альбо службовы пашпарт, не возьмуць.

 

"Гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам у дадзены момант"

У прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі Еўрарадыё гавораць, што візы для грамадзян ААЭ наша краіна насамрэч адмяніла аднабакова. Цяпер вядуцца перамовы аб тым, каб Эміраты адказалі нам тым самым: "У дадзены момант кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў абедзвюх краін па пытанні рэжыму ўезду працягваюцца".

У МЗС таксама паведамляюць, што адмена віз у аднабаковым парадку адпавядае "нацыянальным інтарэсам у дадзены момант". І дадаюць, што такая практыка існуе ў свеце. Не так даўно Беларусь адмяніла візы для грамадзян яшчэ адной вельмі нябеднай краіны — Катара.

 

Аднабаковая адмена віз — хутчэй выключэнне

Эксперт у галіне візавай палітыкі Андрэй Елісееў расказвае Еўрарадыё, што аднабаковая адмена візаў — хутчэй выключэнне. Ва ўсім свеце візы адмяняюцца па ўзаемнай дамоўленасці паміж дзвюма краінамі. А шырокі жэст Беларусі ў адрас Катара і Эміратаў выкліканы тым, што мы моцна хочам прыцягнуць інвестыцыі адтуль. "Гэта багатыя краіны, вельмі багатыя. Імаверна, такім чынам беларускія ўлады спрабуюць спрасціць працэс наладжвання дыялогу з магчымымі бізнес-партнёрамі адтуль", — гаворыць Елісееў.

Цікава, што ёсць і адваротны прыклад, калі аднабакова візы адмянілі для беларусаў. Два месяцы таму такі незвычайны крок зрабіла Інданезія. Логіку ўладаў гэтай экзатычнай краіны зразумець няпроста, але, відаць, там таксама палічылі Беларусь настолькі заможнай, што разлічваюць на нашы інвестыцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі