Эксперт: Сабраць подпісы змогуць максімум 5 кандыдатаў
А ў тэрытарыяльныя камісіі трапіць апазіцыянераў яшчэ менш, чым на мінулых выбарах.
20 ліпеня ЦВК Беларусі зарэгістраваў 8 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты краіны. Іх спіс гл. тут. Палітолаг Юрый Чавусаў мяркуе, што рэгістрацыя ініцыятыўных груп аказалася даволі прадказальнай. Але нават па колькасці пададзеных заявак можна меркаваць, што зарэгістраваных кандыдатаў будзе менш, чым на мінулых выбарах, мяркуе эксперт.
Чавусаў: “Малаверагодна, што Жанна Раманоўская збярэ 100 тысяч подпісаў, бо вельмі малая ініцыятыўная група. Цярэшчанка, Улаховіч і кандыдаты ад традыцыйнай апазіцыі, цяжка сказаць, наколькі маюць патэнцыял сабраць 100 тысяч подпісаў. Нават палітычныя партыі, як АГП, мае групу меншую за тысячу чалавек, а раней гэтага не хапала для збору. У Караткевіч група большая, каля 2 тысяч, здаецца раней гэтага хапала. Думаю, кандыдатаў 5 будзе”.
З іншага боку зараз фармуюцца тэрытарыяльныя камісіі і па тых звестках, якія ўжо ёсць, ніхто з апазіцыі ў іх не трапіць. У лепшым выпадку, 2 чалавекі з некалькіх дзясяткаў вылучаных. І тут сітуацыя будзе горшай, чым на мінулых выбарах, кажа эксперт.
Здымак з архіву. Фота: ByMedia.net