Эміль Чэчка 3.0: стала вядома імя трэцяга паляка, які збег у Беларусь
Трэцяга паляка, які цягам году збег у Беларусь, завуць Міхал Місталь. Ён прыхільнік Пуціна і "рускага свету". Яго асобу ўдалося высветліць журналістам партала MOST.
На мінулым тыдні Памежны камітэт Беларусі расказаў пра паляка, які ехаў у Брэст. У мужчыны не было візы, а ў беларускіх памежнікаў ён папрасіў прытулку. Пазней пра мужчыну расказаў праўладны цэнтр "Сістэмная праваабарона". Яго кіраўнік Дзмітрый Белякоў падзяліўся падрабязнасцямі, а таксама фатаграфіямі і відэа мужчыны. Па словах Белякова, паляк збег ад крымінальнай адказнасці: таго нібыта пераследуюць на радзіме па палітычных прычынах.
Міхал Місталь з'яўляецца ўдзельнікам "Польска-рускага брацтва", арганізацыі, якая займаецца ў Польшчы прасоўваннем "рускага свету". Асноўны від дзейнасці — распаўсюд прарасійскай прапаганды ў сацыяльных сетках.
Першым у пошуках "беларускай мары" збег у Беларусь дэзерцір Эміль Чэчка. Ён на прапагандысцкіх каналах расказваў пра масавыя расстрэлы мігрантаў у Польшчы, але ў сакавіку быў знойдзены павешаным на здымнай кватэры ў Мінску. Другім збеглым палякам стаў Марцін Мікалаек, які, як і Місталь, уцёк у Беларусь нібыта праз пераслед з боку польскіх уладаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.