Эміль Чэчка можа быць беларускім шпіёнам ці інфарматарам
Эміль Чэчка / БЕЛТА
Эміль Чэчка можа быць беларускім шпіёнам ці як мінімум інфарматарам. Гэтую версію сур'ёзна разглядаюць польскія спецслужбы, паведамляе Onet. Таксама, паводле інфармацыі польскага выдання, сястра маладога чалавека жыве з грамадзянінам Беларусі, а ў самога Чачкі ёсць там сябры.
17 снежня беларускія памежнікі паведамілі аб пераходзе польскага салдата. Ён, паводле іх слоў, папрасіў палітычнага прытулку, бо нібыта нязгодны з палітыкай Польшчы ў міграцыйным крызісе. Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што ў вайскоўца "былі сур'ёзныя праблемы з законам". Па неафіцыйных дадзеных, на мінулым тыдні Эміль Чэчка быў затрыманы за кіраванне ў нецвярозым стане, меў у крыві 1,5 праміле алкаголю і быў пад уздзеяннем марыхуаны.
Onet лічыць, што менавіта праблемы з законам паслужылі каталізатарам рашэння аб уцёках у Беларусь. У самога салдата, паводле інфармацыі выдання, былі сувязі ў Беларусі, а пераход мяжы мог быць спланаванай аперацыяй спецслужбаў.
У Польшчы дзеянні ваеннага кваліфікаваны па артыкуле "Дэзертырства". Яму пагражае да 10 год пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.