Энцыклапедыя катаванняў у турме і пасля. Беларус змагаецца за бежанства ў Кіеве

Беларускі анархіст Іван Красоўскі / Скрыншот з відэа ў Instagram
Беларускі анархіст Іван Красоўскі / Скрыншот з відэа ў Instagram

У кастрычніку мінулага года міграцыйная паліцыя Украіны пастанавіла дэпартаваць з краіны экс-палітвязня і актывіста анархісцкага руху Беларусі Івана Красоўскага.

"На жаль, суд першай інстанцыі не ўлічыў парушэнні з боку міграцыйнай паліцыі, расказвае хлопец у сваім Instagram. — Таксама суд не ўлічыў паказанні маёй былой дзяўчыны, з якой я разам у кастрычніку 2021 года падаваўся на бежанства. А яшчэ не ўлічыў той факт, што пасля катаванняў у беларускай турме я быў вымушаны легчы ў псіхіятрычную клініку Кіева, а значыць, па стане здароўя не змог атрымаць даведку пра легальнае знаходжанне ва Украіне [даведка асобы, якая просіць прытулак. — Заўв. Еўрарадыё]. Таму я падаў абскарджанне гэтага рашэння ў суд вышэйшай інстанцыі. Я ведаю, наколькі моцная сіла нашага вольнага кам'юніці і наколькі важны грамадскі рэзананс. Менавіта таму мне важная ваша падтрымка".

Суд па пераглядзе справы Івана праходзіць у Кіеве 4 красавіка. Навін з залы суда пакуль няма. Напярэдадні пасяджэння беларус звязаўся з Еўрарадыё, каб расказаць няпростую гісторыю свайго затрымання ў 18 гадоў, катаванняў у турме, уцёкаў, жыцця ва Украіне і барацьбы за статус бежанца.

 

“Самыя страшныя катаванні — не фізічныя, а псіхалагічныя”

Я хадзіў на пратэсты. Як і ўсе, змагаўся за незалежнасць, за свабоду сваёй краіны і грамадзянскай супольнасці. Потым з натуральных у Беларусі прычын трапіў у турму. Мянты на мне і на іншых актывістах вывучалі "энцыклапедыю катаванняў".

Самыя страшныя катаванні — не фізічныя, а псіхалагічныя, калі ў табе спрабуюць забіць твой маральны складнік, каб потым, знаходзячыся ўжо на волі, ты працягваў заставацца ў своеасаблівай турме з псіхалагічных хвароб і загонаў.

Яны гэта робяць для таго, каб, выйшаўшы з турмы, ты не меў маральнага рэсурсу змагацца, праяўляць сваю актыўную пазіцыю. Яны робяць так, каб ты стаў чалавекам, які не ўяўляе ніякай пагрозы для рэжыму.

У дачыненні да мяне выкарыстоўвалі розныя катаванні. Прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК на размовы са мной. А насамрэч прыніжалі і абражалі, а яшчэ пагражалі. Яны ціснуць на самае балючае. Цябе, напрыклад, прыводзяць у кабінет, а там акно, і ты проста глядзіш за акно, сядзіш і кайфуеш, таму што бачыш волю.

Нашу камеру маглі абшукваць па 6-8 разоў на тыдзень. Гэта ненармальна. Напрыклад, у камеры 20 чалавек, стаяць сумкі з перадачамі. Супрацоўнікі турмы прыходзілі, высыпалі ўсе рэчы ў адну агульную кучу і перамешвалі. Потым было цяжка зразумець, дзе чыё.

Таксама маглі выводзіць на фэйкавае этапаванне. Цябе абшукваюць, пры гэтым разрываюць лісты, могуць забраць і знішчыць асабістыя рэчы. У мяне за першыя два месяцы сабралася вялікая колькасць лістоў, і самыя клёвыя з іх, якія я вельмі хацеў пакінуць на памяць, знішчылі.

“Энциклопедия пыток” в тюрьме и после. Как белорус борется за беженство в Киеве
Ваня з торбай лістоў пасля турмы / архіў

Разыгрывалі сцэну этапавання і ў Жодзіне. Раздзелі дагала, 15 хвілін мяне прыніжаў канвой — гэта звычайныя мянты. Мне казалі, што я нікуды не паскарджуся. Потым адправілі назад у камеру, сказаўшы, што з кімсьці пераблыталі.

Вельмі ціснуць на родных. З маіх блізкіх ніхто асабліва не пацярпеў, акрамя актывісткі анархісцкага руху Яны Яцыновіч. У 2017 годзе, калі ёй было 16 гадоў, яна выходзіла на пратэсты. "Мусары" ўдарылі яе па галаве, і пасля гэтага ў яе развілася эпілепсія.

Так здарылася, што калі мяне пасадзілі, яна легла ў бальніцу. Яе ліст быў першым, які я атрымаў. Ён быў напісаны суперкаравым почыркам, маўляў, "Ваня, я ў бальніцы, у мяне ўсё дрэнна. Я з табой і падтрымліваю цябе".

У турме праз гэты ліст мной спрабавалі маніпуляваць. Маўляў, калі я не буду супрацоўнічаць са следствам і не раскрыю іншых актывістаў-анархістаў, пра якіх яны не ведаюць, то яны Яну альбо закрыюць у псіхушку, альбо пазбавяць прэпарату.

Я не думаў, што яны на гэта пойдуць, але, як высветлілася пазней, яны сапраўды пазбавілі яе неабходнага прэпарату. Праз яго адсутнасць яна жудасна сябе адчувала і потым шмат часу правяла ў інваліднай калясцы.

Цяпер яна за мяжой — не толькі праз тое, што ў Беларусі дыктатура, а і таму, што няма прэпарату.  

Я адседзеў на "Валадарцы" дзесьці паўгода. 12 жніўня мяне моцна збілі, і калі б не трапіў у шпіталь і не сеў у інвалідны вазок, забралі б у турму адразу. А так затрымалі за "масавыя беспарадкі" ў канцы верасня, калі з яго ўстаў.

“Энциклопедия пыток” в тюрьме и после. Как белорус борется за беженство в Киеве
Ваня ў інвалідным крэсле ў першыя дні пратэстаў / архіў

Як толькі выпусцілі, вырашыў з'ехаць з Беларусі

З'ехаў недзе праз месяц пасля вызвалення, хацелася з усімі пабачыцца. Ішоў май 2021 года. Варыянтаў трапіць наўпрост у Польшчу ці Украіну не было, таму вырашыў ехаць праз Расію і ўжо адтуль шукаць магчымасць.

Я вельмі баяўся, што ў Беларусі мяне зноў павяжуць. Азіраючыся, разумею, што ўсё, што адбывалася са мною тады, вельмі адбілася на маёй псіхіцы.

Я прыехаў у Белгарад. Жыў, не тужыў, шукаў варыянты. Асабліва не паліўся, але даведаўся, што на мяне падалі ў вышук. Праз сем дзён пасля прыезду ледзь не прынялі ў хостэле, дзе спыніўся, але мне ўдалося ўцячы.

“Энциклопедия пыток” в тюрьме и после. Как белорус борется за беженство в Киеве
Ваня з прыяцелем у Расіі / архіў

Далей жыў каля 2,5 месяцаў, змяняючы кватэры, на жорсткай параноі. Было цяжка. Курыш на балконе, бачыш нейкага мутнага мужыка ўнізе і пачынаеш параноіць, а ў Расіі, у прынцыпе, вельмі шмат мутных мужыкоў (смяецца).

Увогуле, усё гэта моцна паўплывала на маю псіхіку. Больш, чым катаванні ў турме.

 

Эйфарыя свабоды і паламаная псіхіка

Ва Украіну я ўсё ж дабраўся праз фонд BYSOL. Спачатку быў у эйфарыі. Я тыпу свабодная асоба, магу не перажываць, што мяне прымуць, бо ўсё ў мінулым.

Але потым з кожным месяцам мой стан пагаршаўся. Праявіўся ПТСР. Я не ведаў спачатку, што са мной адбываецца. З'явіліся думкі пра суіцыд. Усё гэта вельмі моцна паўплывала на стасункі з маёй дзяўчынай Ірай Лукашэнка, з якой давялося расстацца.

ПТСР — гэта такая штука, калі з'яўляецца агрэсія, ты зрываешся на блізкіх.

У студзені я даведаўся, што памёр бацька. У мяне з ім былі кепскія адносіны, але ўсё роўна, гэта ж родны чалавек. У мяне была самая апошняя стадыя ПТСР, калі ты ні ў чым не бачыш сэнсу жыцця.

Я рэальна хацеў памерці і ўжо стаяў на падваконніку. Мяне не пакідалі думкі пра суіцыд. Спыніла тое, што паміраць вось так проста і дарэмна ў наш час бессэнсоўна.

Але вернемся ў кастрычнік 2021 года, калі мы разам з Ірай прыйшлі ў міграцыйную службу, каб аформіць бежанства. Там паглядзелі нашы дакументы, але забіраць іх не сталі.

Нам сказалі, што цяпер на разглядзе вельмі шмат спраў (гэта можна зразумець, прыехала шмат беларусаў) і мне ператэлефануюць праз два месяцы, запросяць на інтэрв'ю, забяруць пашпарты і паставяць на чаргу, пасля чаго выдадуць дакументы.

Не ператэлефанавалі. Да студзеня былі на каранціне. У студзені Іру запрасілі на інтэрв'ю і выдалі даведку. Мы з ёй тады яшчэ сустракаліся. Яна спытала, калі выклічуць Івана.

У справе было напісана, што Іра — мая грамадзянская жонка, таму ёй таксама пагражае небяспека ў Беларусі і таму яна мае права падавацца на статус бежанца. У яе справе было напісана пра мяне. Супрацоўнік міграцыйнай службы сказаў, што да мяне яшчэ не дайшлі, патэлефануюць.

“Энциклопедия пыток” в тюрьме и после. Как белорус борется за беженство в Киеве
Разам з валанцёрамі Ваня развозіў гуманітарную дапамогу ўкраінцам і здымаў дакументальнае кіно / архіў

Расказаў пра Іру, якая яе ўжо атрымала, і ў яе дакументах куча інфармацыі пра мяне. Іру знайшлі ў базе, але сказалі, што вывучаць яе дакументы няма ні паўнамоцтваў, ні часу, маўляў, суд разбярэцца.

 

Дэпартацыя з Украіны і забарона на ўезд на тры гады

Мяне аформілі і праз тры дні выдалі пратакол. Але абскардзіць у судзе можна толькі пастанову. Яна прыйшла мне на электронную пошту толькі праз 22 дні пасля таго, як я звярнуўся з пратаколам у суд. З яго я даведаўся, што ў мяне не толькі дэпартацыя з Украіны, а яшчэ і забарона на ўезд на тры гады праз тое, што я нелегальна знаходзіўся ў краіне.

Мы судзіліся каля чатырох месяцаў. На суд то не прыходзіў прадстаўнік міграцыйнай службы, то не было святла. Пасяджэнні пераносілі. Потым паставілі генератар, але пачаліся праблемы з інтэрнэтам. Мой адвакат выходзіў на пасяджэнні анлайн з Львова. Часам праз дрэнную сувязь яго было кепска чуваць.

Урэшце суд прыняў рашэнне стаць на бок міграцыйнай службы. Мне сказалі, што цягам 10 дзён я магу падаць заяву на абскарджанне ў апеляцыйны суд, што я і зрабіў.

Тут важна сказаць, што я прыехаў ва Украіну ў 2021 годзе, а міграцыйная служба настойвае, што ў 2022-м, ужо падчас вайны! І што я нібыта не падаўся на бежанства цягам 10 дзён пасля прыезду. Я знаходжуся пад абаронай ААН, мая дзяўчына падавалася разам са мной у 2021-м і атрымала дакументы, я ляжаў у бальніцы і ў мяне шмат даведак…

“Энциклопедия пыток” в тюрьме и после. Как белорус борется за беженство в Киеве
На момант затрымання ў Мінску Ваню было 18 гадоў / архіў

P.S. Экс-палітвязень Іван Красоўскі верыць, што суд пачуе ягоныя аргументы. Беларус збіраецца заставацца ва Украіне. Больш за тое — вырашыўшы ўсе праблемы з дакументамі, збіраецца адправіцца на перадавую.  

— Калі пачалася вайна, многія казалі, што пойдуць ваяваць, і не пайшлі. Наколькі ты ўпэўнены ў сваім рашэнні?

— Калі што, я ўжо вучуся на аператара дронаў. У мяне нават ёсць круты пульт. Менавіта таму мне вельмі важна выйграць апеляцыю, хачу нармальна аформіцца. Яшчэ я б хацеў зняць дакументальнае кіно вачыма вайскоўца. Спадзяюся, што-небудзь атрымаецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі