Эстонцы стаміліся атрымліваць беларускую візу і з'ехалі адпачываць у Грэцыю
Наталля з сынам хацелі наведаць Беларусь. Яны забраніравалі апартаменты праз Booking. Пайшлі падаваць дакументы на візу ў беларускую амбасаду ў Эстоніі, а там запатрабавалі пасведчанне аб рэгістрацыі арэндадаўцы і дакумент, які пацвярджае яго права здаваць кватэру.
Арэндадаўца Мікалай выслаў усе патрэбныя дакументы Наталлі, аднак у пасольстве гэтага апынулася мала, далей запатрабавалі прадаставіць падатковую дэкларацыю арэндадаўцы.
Эстонцы перадумалі ехаць у Беларусь і зараз адпачываюць у Грэцыі.
Еўрарадыё звязалася з беларускім пасольствам у Эстоніі, каб атрымаць тлумачэнні.
«Такое можа быць, каб было менш незаконнай субарэнды. Не заўсёды арэндадаўца зʼяўляецца ўладальнікам жылога памяшкання і не заўсёды ў дагаворах арэнды кватэры дазволена субарэнда, – распавядае прадстаўнік пасольства. – Звычайна такое здараецца, калі арэндадаўца ІП альбо юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе арэнду кватэр. З гасцініцамі такіх момантаў не адбываецца. Мы такія рэчы патрабуем, каб замежны грамадзянін на цалкам законных падставах знаходзіўся ў Беларусі. Як правіла, калі былі прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць права здаваць кватэру, то ніякіх больш дакументаў мы не патрабуем».
Нагадаем, што з 12 лютага 2017 года ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым, калі прыбываць у краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Аднак, калі ты хочаш уехаць у краіну на машыне, то табе ўсё роўна прыйдзецца атрымліваць беларускую візу. Колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Беларусь ў 2016 годзе, склала 217,4 тыс., што на 58 тысяч менш, чым у 2015-м.