Еўрапарламент прапануе забараніць ЕБРР і ЕІБ фінансаваць дзяржсектар Беларусі
Еўрапарламент прапаноўвае, каб Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) спынілі аперацыі з дзяржсектарам Беларусі. Адпаведные меры прадугледжаныя рэзалюцыі, прынятай сёння на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента.
"Замарозіць перавод сродкаў ЕС дзяржаўным і кантраляваным дзяржавай арганізацыям. Спыніць дзяржаўныя пазыкі ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і ЕБРР", — прапаноўваецца ў рэзалюцыі.
Таксама Еўрапарламент прапануе павялічыць фінансаванне беларускай грамадзянскай супольнасці. Прапануецца правесці канферэнцыю донараў дэмакратычнай Беларусі, на якой разгледзець вылучэнне шматмільярднага фінансавага пакета для падтрымкі будучых рэформаў.
Акрамя таго, у рэзалюцыі гаворыцца аб прыпыненні перамоваў з афіцыйным Мінскам па прыярытэтах Еўрапейскага партнёрства і змяшчаецца заклік не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года.
Еўрапарламентары прапаноўваюць стварыць "гуманітарны калідор" і спрасціць выдачу візаў палітуцекачам з Беларусі і тым, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе пасля гвалту. У ЕС прапаноўваецца распрацаваць спецыяльную праграму стыпендыяў для студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ па палітычных матывах.
Аўтары рэзалюцыі падкрэсліваюць, што Аляксандр Лукашэнка не мае палітычнага ці маральнага права весці перамовы ад імя Беларусі. Згодна з рэзалюцыяй, Еўрапарламент падтрымлівае ідэю нацыянальнага дыялогу пад эгідай АБСЕ, заклікае да дбайнага расследавання выпадкаў гвалту, а таксама новых выбараў з назіральнікамі БДІПЧ АБСЕ.
Часовым прадстаўніком народа Беларусі Еўрапарламент назваў Каардынацыйную раду.
Напярэдадні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль на сесіі Еўрапарламента заявіў, што Лукашэнка не з'яўляецца законным прэзідэнтам Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.