Еўрарадыё прэзентуе дэбютны сінгл новай сёрф-фармацыі The Pelengtones

Відавочна, у адзінага на сёння беларускага сёрф-рок-гурта The Silicon з'явіліся канкурэнты. Загадкавая каманда (яе ўдзельнікі выступаюць у масках і пад псеўданімамі) мае назву The Pelengtones і прэзентуе на Еўрарадыё дэбютны сінгл "Djaga", які ўключае два трэкі.

"Сёрф-рок — цікавы стыль, можна сказаць, рэдкі і маладаследаваны ў нашай краіне. І ўвогуле, у свеце ён лічыцца непапулярным, старым стылем. Таму захацелася наноў яго адкрыць і прыдумаць", — кажа лідар гурта Доктар Модуль.

Рэпертуар The Pelengtones збольшага аўтарскі: гурт абапіраецца на накоплены сусветны досвед у сёрф-музыцы і выдае сваё бачанне. Аднак, улічваючы той факт, што ў гурце граюць у асноўным маладыя музыкі, ім даводзіцца вучыцца і на вядомых сёрф-узорах:

"Кампазіцыя "Djaga" — гэта заборысты сёрфавы біт і злёгку прыфузаваная меладычная лінія. Такая імклівая вандроўка па старой дарозе на хуткім аўтамабілі. Другі твор, "Salty sun" — з рамантычным прысмакам салёнага мора, яркага сонца і прыгожай душэўнай мелодыі, створаны пры дапамозе не характэрнага стылю бітавага рытму.

Прэзентацыя сінгла і першы выступ The Pelengtones адбудуцца 19 кастрычніка ў мінскім "Шака Бар". Хэдлайнерам канцэрта стане вядомы сёрф-гурт з Калінінграда The Cranzers.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі