Еўрасаюз павысіць кошт шэнгенскіх віз да 80 еўра
Еўрасаюз павысіць кошт шэнгенскіх віз з 60 да 80 еўра. Пры гэтым дата не называецца. Як інфармуе tut.by, працэдура працяглая. Яшчэ неабходная ўхвала Еўрапарламента. Пасля гэтага Еўрапарламент і Савет ЕС афіцыйна прымуць узгодненыя змены, тэкст будзе апублікаваны ў часопісе ЕС і толькі праз паўгода пасля гэтага новаўвядзенне пачне дзейнічаць.
Амбасадары ЕС зацвердзілі дамоўленасць прадстаўнікоў Еўрапарламента і румынскага старшынства ў Савеце Еўрасаюза аб зменах візавага кодэксу. У паведамленні, змешчаным на сайце Савета ЕС, адзначаецца, што візавыя правілы змяняюцца, "каб палепшыць умовы для законапаслухмяных падарожнікаў", а таксама для вырашэння праблемы з нелегальнай міграцыяй. Мяркуецца, што гэты крок таксама дасць больш сродкаў краінам-сябрам ЕС на пакрыццё выдаткаў на апрацоўку візавых дакументаў.
Пагадненнем прадугледжана, што кошт шэнгенскіх віз можа быць перагледжаны праз тры гады.
Цана на шэнгенскія візы не змянялася з 2007 года. Савет ЕС ухваліў падаражанне шэнгенскіх віз яшчэ ў пачатку лета мінулага года.
Як вядома, Беларусь працяглы час вядзе перамовы аб зніжэнні кошту шэнгена для беларусаў да 35 еўра.