Фестываль "Камяніца 2015" адкрыюць "Стары Ольса" і Altanka
Фолк-фэст "Камяніца 2015", які пройдзе пад Мінскам у Музеі народнай архітэктуры і побыту 5 верасня, абвясціў другую частку музычнай праграмы. Распачнуць фестываль дзіцячыя калектывы "FолкRада" і "Мілавіца", а працягнуць праграму галоўнай сцэны беларускія гурты "Стары Ольса" і Altanka ды ўжо заяўленыя раней "Дримба да Дзига" (Украіна), Trad Attack! (Эстонія), Dzikie Jablka (Польшча), беларусы Vuraj, "Ягорава гара", Znich.
Стартуе "Камяніца 2015" апоўдні. Музычная праграма будзе ісці нон-стоп дзякуючы другой сцэне, на якую выйдуць фолк-гурты "Варган", "Горынь", "Мярэжа", "Страла", "Этна-суполка" ды іншыя. Тройчы за дзень (у 13, 15 і 17 гадзін) у былой царкве каля карчмы сваю этнаграфічную містэрыю "Споведзь пад стрэхамі" пакажа Іван Кірчук.
Паралельна з музычнай праграмай падчас фэсту будзе праходзіць вялікі кірмаш нацыянальнай культуры, дзе свае вырабы прадставяць ганчары і кавалі, вытворцы лялек, упрыгожванняў і народнага адзення. Акрамя таго гледачоў чакае шмат разнастайных забаў: народныя танцы і гульні, арбалетнае стрэльбішча, дзіцячая пляцоўка з маляваннем і пляценнем.
Арганізатары звяртаюць увагу, што згодна з правіламі бяспекі на тэрыторыю фестывалю нельга праносіць любыя алкагольныя напоі, ваду ў шкляных бутэльках, а таксама любое харчаванне, акрамя дзіцячага. На тэрыторыі фестывалю, побач з другой сцэнай, будзе велапаркоўка. Акрамя ўласнага транспарту да фестывалю можна будзе даехаць бясплатным фестывальным аўтобусам ад метро "Малінаўка" (кожныя 15 хвілін з 11.30 да 23.00 у абодва бакі) ці прыгарадным аўтобусам 203э.