Фэйк ад віцэ-прэм'ера: колькасць электракараў за два гады вырасла ў 39 разоў
Электрааўтамабіль / abw.by
Колькасць электрамабіляў у Беларусі за два гады вырасла ў... 39 разоў. Пра гэта 23 лістапада на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі заявіў віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык.
"Дзякуючы прынятым у 2020 годзе мерам стымулявання выкарыстання электрамабіляў колькасць электрамабіляў у краіне павялічылася ў 39 разоў (з 87 адзінак на 22 ліпеня 2020 года да 3420 адзінак на 30 кастрычніка 2022 года)", — перадае ягоныя словы "СБ. Беларусь сегодня".
Еўрарадыё засумнявалася ў лічбах, названых чыноўнікам, і паглядзела статыстыку электрамабіляў за апошнія два гады.
Паводле звестак партала infotrans.by, 23 траўня 2020 года ў Беларусі налічвалася каля 400 (!) электрамабіляў. Калі верыць Пархомчыку, праз два месяцы іх стала у чатыры разы менш.
У ліпені 2021 года прэс-служба Мінэнерга паведаміла агульную стытастыку электракараў, увезеных у Беларусь за папярэдні год: "Паводле апошніх звестак, колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 4 тысяч. За першае паўгоддзе 2021 года ў нашу краіну ўвезена 2112 электрамабіляў — гэта крыху больш, чым за ўвесь мінулы год (у 2020 годзе ўвезена 1810 аўто)".
А 17 чэрвеня 2022 года міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч увогуле заявіў дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА, што колькасць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 10 тысяч. Рост за папярэдні год — больш як у два разы.
Як з 10 тысяч у Каранкевіча колькасць электракараў зменшылася да 3420, якія палічыў Пархомчык? У чым сакрэт такой статыстыкі?
Хутчэй за ўсё чыноўнік "падлічыў" толькі тыя электрамабілі, якія былі зарэгістраваныя на спецыяльных "зялёных" нумарах. Іх у 2020 годзе сапраўды было яшчэ мала, бо толькі ў тым годзе іх і ўвялі. Пры гэтым электрамабіляў у краіне ўжо ў 2020 годзе было не менш за 1810: тыя, якія былі ўвезеныя ў 2020 годзе + тыя, якія трапілі ў краіну раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.