Фігурантамі крымінальных палітычных спраў у РБ сталі больш за 30 замежнікаў
Дзясяткі замежнікаў дагэтуль знаходзяцца ў месцах няволі (ілюстрацыйнае фота)
Фігурантамі крымінальных палітычных спраў у Беларусі сталі больш за 30 замежнікаў (дакладная лічба невядомая), яны дагэтуль знаходзяцца ў месцах няволі, паведамляе "Вясна". Сярод іх найбольш грамадзян Украіны — 20. З пачаткам поўнамаштабнай агрэсіі Расіі ў лютым 2022-га ўзмацніўся ціск і пераслед украінцаў у Беларусі. Звычайна іх абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці" і "шпіянажы".
У спісе таксама 7 расіян, 3 палякі, трое грамадзян Латвіі, 2 — Узбекістана і 1 — Казахстана. Замежнікаў пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу.
Вядома, што жыхар Петрыкава Віталь Скударнаў, які мае грамадзянства Казахстана, у лютым 2022-га быў асуджаны за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "абразу прадстаўніка ўлады" і "абразу Лукашэнкі" (тэрмін праваабаронцам невядомы). Ён знаходзіцца ў наваполацкай калоніі № 1.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.