Фінал нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне 2018": хто ўсе гэтыя людзі
Фота Еўрарадыё
16 лютага ў 22.00 у Беларусі вызначаць пасланца на "Еўрабачанне 2018". Хто гэта будзе, вырашаць журы і тэлегледачы. Напярэдадні фіналу Еўрарадыё паразмаўляла c прэтэндэнтамі на перамогу. Прапануем вытрымкі з нашых гутарак.
№1: Adagio — гурт прафесійных спевакоў, якія спяваюць у оперным і музычных тэатрах Мінска. Створаны кампазітарам і прадзюсарам Яўгенам Алейнікам для выканання песні "Ты і я".
Мы жывём у цэнтры Еўропы ў межах агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Калі чалавек убачыць на сцэне мужчынскі калектыў, які спявае сур'ёзную песню пра каханне мужчыны да жанчыны, гэта зачэпіць.
Белінгліш слухаецца смешна! Таму прыгожа і патрыятычна спяваць на "Еўрабачанні" на загадкавай для Еўропы беларускай мове. Гэта дадае рамантыкі.
Мы спрабуем знайсці формулу поспеху на конкурсе. Але яе немагчыма знайсці. Яе няма. Музыка развіваецца, нехта бярэ песняй, падачай, прыёмамі. Мы ж паспрабуем дагрукацца да сэрцаў без фаер-шоу.
Еўрабачанне само па сабе — гэта інструмент развіцця поп-музыкі ў Беларусі. Хацелася б ператварыць адбор на "Еўрабачанне" ў масавы рух па прыкладзе Швецыі. Там падаюць пяць тысяч заявак. Ва Украіне — 1000! У нас менш за сто. Пры гэтым, ВНУ пастаянна выпускаюць выканаўцаў, прадзюсараў, гукарэжысёраў.
№2: ALEKSEEV — зорны ўкраінскі поп-выканаўца, больш вядомы ў Расіі і Беларусі. Вырашыў удзельнічаць у "Еўрабачанні" ад Беларусі, таму што "яго тут вельмі любяць":
На мой погляд, ад Украіны цяпер павінен ехаць артыст, вядомы ў межах украінскага шоў-бізнесу, гэта цяпер вельмі важна.
Еўрарадыё: А чаму вы не думаеце, што для Беларусі так жа важна, каб паехаў лакальна вядомы артыст?
Натуральна, беларускія артысты таксама хочуць паехаць. Але я заўсёды быў за канкурэнцыю. Адзінае, што я хачу, проста данесці сваю творчасць і паспрабаваць свае сілы. Упэўнены, што перамагчы павінен наймацнейшы.
Часта ў маёй кар'еры былі моманты, калі мне прапаноўвалі адвярнуцца ад сваёй мары і заняцца чымсьці іншым. У нейкі момант я пайшоў на гэта, і практычна стаў няшчасным чалавекам. Але рады, што не пакінуў мару, нягледзячы на цяжкасці.
№3: Гурт Shuma існуе некалькі гадоў. Запісаў два паўнавартасныя альбомы, выступае на еўрапейскіх фестывалях і рэйвах.
Дзякуй богу, што мы не поп-артысты. Я не здзіўляюся, чаму пасля такога напружанага рэжыму рэпетыцый, здымак, перамоваў, сустрэч з журналістамі поп-музыкі часта губляюць самавалоданне, нюхаюць какаін і гэтак далей. Але гэты досвед даў нам бясцэннае разуменне таго, што быць незалежным артыстам — гэта вельмі крута.
У Аляксеева класная песня. Я, напрыклад, гэтую песню палюбіла. Прыгожая. Але тое, што ўкраінскі выканаўца на англійскай мове будзе прадстаўляць Беларусь, мяне крыху бянтэжыць. Гэта як быццам прыйсці і за сябра напісаць кантрольную. Як украінскі артыст і англійская мова прадставяць культуру Беларусі, для мяне гэта пытанне.
Ёсць адчуванне, што Еўрабачанне змяняецца ў бок сучаснага фармату. І артысты з клубнай, незалежнай тусоўкі могуць туды лаканічна упісацца.
Для нас галоўнае — атрымаць вялікі кантакт з аўдыторыяй і магчымасць класна прадставіць сваю краіну, таму што мы можам.
№4: Napoli спрабуе прабіць сцяну адбору ў пяты, юбілейны, раз. У актыве спявачкі, згодна з Вікіпедыяй, — тры кліпы і 15 песень. У апошні час жыве на дзве краіны: у Беларусі і на Кіпры.
Еўрабачанне — гэта выдатная магчымасць для беларускага артыста зразумець, як там жывуць людзі, што яны слухаюць. Там жа ўсё па-іншаму. Вельмі добра было б ўліцца ў гэтую плынь. Але не з'язджаць туды, а набірацца там вопыту і прывозіць яго сюды.
Трэба ўдзельнічаць у Еўрабачанні для таго, каб перамагчы. Гэта ж конкурс, мы ўсё для гэтага туды едзем. Які прадукт мы туды павязём — гэта іншае пытанне. Хтосьці выступае за беларускую мову, хтосьці — за англійскую мову. Але еўрапейскі слухач павінен цябе разумець!
У мяне няма кіпрыёцкага пашпарта. Я не маю права прадстаўляць Кіпр, таму што па правілах, гэта можа зрабіць толькі кіпрыёт. Ды я і не жадаю. Я хачу прадстаўляць Беларусь.
Я не ехала ў мінулым годзе перамагчы на польскім Еўрабачанні. Мы ведалі, што ніхто за нас не прагаласуе. Я лічыла, што не маю права выступаць ад Польшчы, таму што я не жыву ў Польшчы, не ведаю культуры і музыкі, хоць мама мая — полька. Я супраць адкрытых адбораў. Мы павінны прыцягваць замежных аўтараў, але артыст павінен ехаць беларускі.
№5: Анастасія Малашкевіч — салістка тэатра оперы і спявачка ў мінскіх рэстаранах, удзельніца тэлешоў "Голас". Спрабуе свае сілы ў адборы на "Еўрабачанне" ў трэці раз.
Я ўсё яшчэ веру, што Еўрабачанне — гэта конкурс песні. Сёлетні трэк — еўраформатны, хоць гэта таксама прыгожая запамінальная музыка. А мой козыр — голас — нефарматны для поп-індустрыі. Мне здаецца, гэта ўдалае спалучэнне.
Я заўсёды вельмі хачу перамагчы. Але ёсць пэўныя ўмовы, якія душаць волю да перамогі. Давайце ўспомнім пазалеташні адбор, калі рэзка памянялі ўмовы на толькі галасаванне гледачоў. Сітуацыя была прагназуемая. Хоць я да канца верыла ў перамогу музыкі. Але перамаглі грошы. Гэта падразае крылы артысту і збівае яго з ног на шляху да мары.
Прыязджае малады харызматычны хлопчык, за якім стаіць каманда. А ў нас усё вырабляецца за свой кошт: колькі зарабіў, столькі ў сябе ўклаў. Гэта вельмі складана.
Мне хочацца быць некалькімі рознымі людзьмі. Адзін займаецца толькі класічным мастацтвам, а другі рухае сябе на поп-сцэне, выпускае альбомы і кліпы, а трэці займаецца выкладаннем, таму што гэта таксама частка майго жыцця.
№6: Гюнэш, "ветэран" нацыянальных адбораў — сёлета спрабуе паехаць на "Еўрабачанне" ў сёмы раз. 10 гадоў таму выпусціла два альбомы, спявала з гуртом "Крамбамбуля".
"Еўрабачанне" — конкурс непрадказальны. Але я лічу, што павінна быць добрая песня, і вакаліст павінен выканаць яе бездакорна, каб данесці тэлегледачу ўсю моц таго, што ён хоча сказаць.
Я за тое, каб прадукт, які мы выдаём на Еўропу, быў напісаны беларускімі аўтарамі. Але атрымалася, што я пазнаёмілася з Цімам Норэлам, ён напісаў для мяне песню пра моцную жанчыну, і я не магла ад яе адмовіцца.
Мяне змяніла нараджэнне сына. Я стала цаніць многія рэчы, якія раней не заўважала. У гэтым годзе я выйграла два конкурсы — на Мальце і ў Македоніі. Я адчула сілы, што магу зноў змагацца і стаяць пад беларускім сцягам. Я прыйшла для таго, каб паказаць прыклад сваім калегам. Я тут у сёмы раз. Не спыняйцеся, усё атрымаецца. Галоўнае — хацець!
№7: Гурт "Радиоволна" на чале з Уладам Чыжыкавым. Каманда ўпершыню засвяцілася падчас Нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне 2018", а да гэтага была кавер-бэндам. На мінулым тыдні выпусціла дэбютны альбом "Радиоволна 18 101".
Хочам выканаць першую частку конкурснай песні на беларускай мове. Так яна стане яшчэ больш меладычнай, яшчэ прыгажэйшай. У дадзенай песні беларуская мова гучыць вельмі арганічна.
Не заўсёды фармат беларускага радыё прымае эксперыментальныя трэкі. Там аддаюць перавагу нейтральным песням у плане тэксту і музыкі. А хочацца ствараць.
Не думаем, што на наш канцэрт прыйдзе цяпер больш за сто чалавек. Нядаўна мы рабілі душэўны кватэрнік. Было 50 гледачоў.
Калі б мы хацелі патусавацца, паехалі б у Егіпет. Ніколі не ўдзельнічаем у конкурсах, каб праваліцца. Не разумею, што значыць, годна прадставіць краіну? Якое месца лічыцца годным? Мы, калі паедзем, будзем разлічваць на тое, што трапім ў дзясятку.
Самая цікавая песня на адборы — у гурта Shuma. Мне падабаецца, калі бачны стыль, калі ёсць цікавыя фішачкі у голасе, у песні.
Шчыра. Не хаджу на канцэрты. Наогул не бываю. Апошні канцэрт, на якім я быў, Іван Дорн. І тое, таму што прайшоў бясплатна. А да гэтага хадзіў на Робі Уільямса два гады таму...
№8: ALEN HIT займаецца музыкай каля шасці гадоў. Выпусціў міні-альбом на расійскім лэйбле, яго песні ратуюцца на еўрапейскіх радыёстанцыях. Збіраецца адпрацаваць размеркаванне і з'ехаць працаваць у іншую краіну.
На пачатку шляху мне даводзілася каласальна ўкладвацца ў музыку, працаваць на некалькіх працах, каб зрабіць добрую аранжыроўку. Але цяпер я цалкам зарабляю музыкай.
Беларуская публіка не слухае беларускіх выканаўцаў. Уся справа ў менталітэце. Але варта толькі з'ехаць артысту за мяжу, паказаць сябе там, усе адразу скажуць: "Ах, гэта ж наш гонар".
У гэтым годзе я вельмі хацеў трапіць проста ў фінал. Я рэальна ацэньваю свае шанцы. Я прыйшоў першым чынам заявіць пра сябе. Вось у наступным годзе буду рыхтаваць песню менавіта пераможную. А пакуль я хацеў паказаць менавіта сваё бачанне музыкі.
Перамога — гэта частка шанцавання і бюджэты, якіх у нашай краіне пакуль што няма. Таму я лічу, што нам дастаткова годнага выступлення на "Еўрабачанні". Да таго ж, для перамогі у нас не было ні адной заяўкі. У гэтым годзе, на мой погляд, таксама ні адна з прадстаўленых у адборы песень не можа перамагчы на конкурсе.
№ 9: Lexy Weaver (Аляксандра Ткач) — вучаніца 11 класа мінскай гімназіі №24. Вучыцца онлайн ў каледжы Берклі. Аўтар і выканаўца ЕР "Since", кампазіцыя з ЕР атрымала амерыканскую прэмію Global Music Awards за лепшы тэкст да песні.
Мне рэальна важна разумець, што мяне могуць ацаніць прафесіяналы з ЗША, таму што ў гэтай краіне музыка развіваецца каласальным чынам. У Амерыцы музычныя крытыкі аддаюць перавагу маладым кампазітарам і выканаўцам, мая музыка сучасная. Маёй мэтай як артыста з'яўляецца паказаць усяму свету тое, што ў Беларусі таксама ствараецца сучасная якасная музыка, разбурыць стэрэатып пра тое, што ў нас усё вельмі старамодна.
Музыку трэба слухаць сэрцам, але для многіх вельмі важны тэкст. Я пішу на англійскай таму што яна зразумелай і даступная ў многіх краінах свету. Маё вымаўленне вельмі добрае і прафесійнае, таму што вучуся ў гімназіі №24, і вучу гэтую мову многія гады.
Песні, напісаныя беларускімі музыкамі, не саступаюць кампазіцыям, якія былі набытыя ў аўтараў замежных. Кірыл Гуд, "Радиоволна" пішуць самі, і мне падабаецца іх музыка, таму што яна сучасная і класная.
№10: Кірыл Гуд — піша песні для расійскай спявачкі Валерыі і многіх беларускіх маладых артыстаў. У адборы ўдзельнічае не ўпершыню.
Упэўнены, што ў бліжэйшыя гадоў пяць сістэма пачне мяняцца. У Расіі працэс пайшоў. Ва Украіне ўжо ўсё памянялася. І мы на чарзе. Музычная гісторыя і спонсарская падтрымка хутка прыйдзе і да нас.
Чалавек, які піша музыку, павінен быць шматгранным. Я добра знаёмы з рокам, ведаю, што адбываецца на рынку хіп-хопа. Шматграннасць мне дапамагае.
Я раблю тое, што мне ў кайф, так, як нараджаецца і адчуваецца. У маёй конкурснай песні два акорды, за што я магу сябе дакараць. Але як гэта стыльна слухаецца! У ёй няма беларускай фішкі, можа быць. Яе можна было б перакласці на беларускую мову, але ў мяне ёсць выразнае адчуванне, што страціцца музычны шарм песні, які закадаваны і ў мове.
Я ўпэўнены ў сваёй песні. Не ішоў бы на адбор, калі б было наадварот.