Фінляндыя абмяжуе колькасць віз для расіян
У Хельсінкі лічаць, што ЕС павінен выпрацаваць адзіную пазіцыю па пытанні выдачы віз расіянам / pixabay.com
Фінляндыя абмяжуе колькасць віз для расіян, заявіў кіраўнік МЗС краіны Пека Хаавіста ў інтэрв'ю тэлеканалу Yle. Ён расказаў, што ўлады ўжо распрацавалі "механізм абмежавання выдачы віз расіянам". Колькасць звычайных турыстычных віз будзе скарочаная, "прыярытэт будзе аддавацца тым, хто падарожнічае па сямейных абставінах, вучобе або працы".
Хаавіста таксама сказаў, што асноўную масу шэнгенскіх віз грамадзянам Расіі цяпер выдаюць Грэцыя, Італія і Іспанія. З гэтымі візамі расіяне могуць падарожнічаць праз Фінляндыю ў астатнія краіны Еўропы. На думку кіраўніка фінскага МЗС, краіны ЕС усё-такі павінныя выпрацаваць адзіную пазіцыю па гэтым пытанні.
Нагадаем, з ідэяй адмяніць візы для расіян выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Грамадзянам РФ, якіх пераследуюць на радзіме, ён прапанаваў звяртацца па статус бежанцаў. Прапанову Зяленскага падтрымалі Літва і Латвія. Супраць выступіла кіраўніцтва Герамніі. Канцлер ФРГ Олаф Шольц заявіў, што гэта "вайна Пуціна, а не расійскага народа".
Некалькі краін Еўрасаюза, у тым ліку краіны Балтыі і Чэхія, ужо спынілі выдачу турыстычных віз грамадзянам Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.