Фотафакт: каля Мінска сабраліся беларускія касманаўты Клімук, Кавалёнак, Навіцкі
Пад Мінскам сабраліся беларускія касманаўты Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі. 4 чэрвеня разам з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым, дзяржсакратаром Савета бяспекі Станіславам Засем яны паўдзельнічалі ў адкрыцці павільёна "Космас" у Мінскім аэраклубе ў пасёлку Баравая.
Як паведамляе БЕЛТА, у павільёне можна пабачыць унікальныя экспанаты. Гэта — касмічны скафандр Пятра Клімука, спушчальны апарат карабля "Саюз", набор бартавога харчавання для касманаўтаў, рэдкія дакументы і фотаздымкі.
Станіслаў Зась у сваёй прамове нагадаў, што беларусы стаялі "ля вытокаў касманаўтыкі". Паводле яго слоў, адкрыццё першага ў нашай краіне музейнага павільёна, прысвечанага космасу — гэта якраз "даніна павагі тым, хто стаяў ля вытокаў развіцця галіны".
Неўзабаве ў павільён прывязуць копіі двух беларускіх спадарожнікаў.