Футбольны балельшчык судзіцца з падпалкоўнікам міліцыі

Футбольны балельшчык судзіцца з падпалкоўнікам міліцыі

Вечар 26 жніўня 2014-га года, БАТЭ прымае дома “Слован” з Браціславы. БАТЭ тады выйграе 3:0 і выходзіць у групавы раунд Лігі чэмпіёнаў, але балельшчык Сяргей Бахун гэтага амаль не бачыць — у сярэдзіне першага тайма яго выводзяць з трыбуны міліцыянты і трымаюць амаль да канца матча ў “апорцы” стадыёна.

Прычына — бела-чырвоны шалік з “Пагоняй”. Утрыманне Бахуна ў стадыённым пастарунку заканчваецца, калі туды прыходзіць маёр барысаўскай міліцыі Вячаслаў Паўлавец (у жніўні 2014-га ён яшчэ быў маёрам) і адназначна заяўляе: “Схавай шалік пад куртку, а то будзеш мець праблемы”. Міліцыянт пры гэтым прызнаецца, што асабіста аддаў загад “прыбраць” Бахуна з трыбуны. Маўляў, “Пагоня” з’яўляецца незарэгістарванай сімволікай. А такой не месца на матчы “Лігі чэмпіёнаў”. Балельшчык вырашае, што увечары хоча вярнуцца да жонкі з дзіцём, а не ехаць у мясцовы пастаруак. Таму шалік хавае пад куртку і ідзе даглядаць апошнія хвіліны гульні.

“Я хачу, каб суд прызнаў незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Каб суд гэта прызнаў і каб міліцыянты перада мной выбачыліся. У пісьмовай форме”, — кажа адчайны балельшчык.

Футбольны балельшчык судзіцца з падпалкоўнікам міліцыі

Яшчэ адна гісторыя пра "Пагоню" на стадыёне

“Трымалі для таго, каб начальнік змог прыйсці і правесці гутарку. Прыйшоў недзе праз гадзіну — маёр Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку “Пагоня”, гэта незарэгістраваная сімволіка, калі не хачу праблем, то яе трэба схаваць пад куртку. Паўпіраліся трохі з ім. Але ў выніку я шалік схаваў пад куртку — у мяне жонка, дзіця. Не хацелася ехаць у пастарунак. Тады мяне пусцілі назад на трыбуну. Але матч ужо падыходзіў да канца”.

Першае паседжанне па справе "Бахун супраць барысаўскай міліцыі" праходзіць толькі 2 лютага 2016 года. Увесь гэты час (а прайшло амаль 1,5 года) Сяргей перапісваецца з міліцыяй горада Барысава, спрабуючы даведацца прычыну затрымання са спасылкай на канкрэтны пункт у хоць нейкім кодэксе. Усе спробы марныя. Максімум, што Бахуну здолелі патлумачыць міліцыянты, гэта, што “Пагоня” на яго шаліку была намаляваная на… колерах дзяржаўнага сцяга. Бахун наймае адваката, піша скаргі ў пракуратуру Мінскай вобласці і начальніку УУС Мінаблвыканкама. Вынік той самы. Пасля публічнай заявы міністра унутраных спраў Ігара Шуневіча пра тое, што “Пагоня” не з’яўляецца забароненым сімвалам і за яе нельга караць фанатаў на стадыёнах, Сяргей Бахун піша заяву ў суд Барысаўскага раёна.

Футбольны балельшчык судзіцца з падпалкоўнікам міліцыі

Міністр Шуневіч пра балельшчыкаў з "Пагоняй"

Журналіст Еўрарадыё ўдакладніў у міністра, ці лічыцца правапарушэннем апранутая майка з “Пагоняй” ці бел-чырвона-белы шалік. Шуневіч заявіў, што ўсе магчымыя парушэнні грамадскага парадку, за якія прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, прапісаныя ў Адміністрацыйным кодэксе.

Футбольны балельшчык судзіцца з падпалкоўнікам міліцыі
Характарыстыка на Вячаслава Паўлаўца з матэрыялаў справы.

Вячаслаў Паўлавец на першае паседжанне не прыходзіць. Дасылае ў суд тлумачэнні, што пакуль “знаходзіцца” на вучобе, просіць перанесці разгляд. Таму сустрэча Сяргея Бахуна і яго адвакаткі з суддзёй праходзіць без міліцыянтаў.

“Суддзя праверыў матэрыялы. Якія ўжо ёсць у справе. Запытаў, чаго мы хацелі б яшчэ дадаць, якіх сведак выслухаць. Мы з адвакатам сказалі, што хочам выслухаць паказанні ўсіх міліцыянтаў, якія бралі ўдзел у маім затрыманні”, — кажа балельшчык.

Яшчэ расказвае, што да тлумачэнняў сваіх паводзінаў міліцыянты дадалі апісанне “Пагоні”, узятае з нейкага расійскага сайта. “Раздрукавалі старонку з сайта і дадалі да сваіх тлумачэнняў. А там пра тое, што “Пагоня” — літоўскі герб, ужываўся калабарантамі падчас нямецкай акупацыі. І ўвогуле на гэтай раздрукоўцы пра “Беларуссію” напісана, а не пра Беларусь”, — расказвае Сяргей.

Суддзя Барысаўскага раённага суда прызначыў паседжанне з удзелам падпалкоўніка Паўлаўца і балельшчыка Бахуна на 19 лютага. Бахун збіраецца прывезці на суд сведак, якія былі з ім на тым матчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі