Фюле: Сітуацыя песімістычная, але інтарэс да працы з Мінскам ёсць
Дэпутаты Еўрапарламента не прызналі парламенцкія выбары ў Беларусі і абмеркавалі сітуацыю ў нашай краіне.
Напярэдадні прыняцця чарговай рэзалюцыі па Беларусі, прысвечанай перадусім мінулым парламенцкім выбарам, у Еўрапарламенце прайшлі дэбаты з удзелам еўракамісара па палітыцы добрасуседства Штэфана Фюле (Štefan Füle).
"Наша ацэнка развіцця ўнутранай сітуацыі ў Беларусі застаецца песімістычнай, паляпшэння няма і ціск на грамадзянскую супольнасць узрастае. Няма бачнага жадання беларускіх уладаў вырашаць пытанні, што выклікаюць нашу заклапочанасць, — правы чалавека, вяршэнства права, дэмакратычныя прынцыпы", — заявіў Фюле і дадаў, што нягледзячы на гэта, ЕС захоўвае інтарэс у працы з афіцыйным Мінскам. Асаблівыя надзеі ўскладаюцца на Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі, які выглядае "рэдкім станоўчым элементам у агульнай змрочнай карціне".
Штэфан Фюле: "Удзел беларускіх уладаў у Еўрапейскім дыялогу — важнае пытанне. Ён неабходны, бо без яго паўстае пытанне жыццяздольнасці праграмы. Мы са свайго боку, падкрэсліваем Адміністрацыі прэзідэнта, што вітаем канструктыўны ўдзел уладаў на тэхнічным узроўні".
У прынятай рэзалюцыі Еўрапарламент выказвае шкадаванне аб тым, што парламенцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам, і заклікае ўлады на наступных выбарах забяспечыць роўныя ўмовы кандыдатам і празрысты падлік галасоў. Гербен-Ян Гербрандзі (Gerben-Jan Gerbrandy) — адзін з тых еўрадэпутатаў, хто скептычна глядзіць на такую магчымасць падчас кіравання Лукашэнкі ўвогуле.
Гербен-Ян Гербрандзі: "Парламенцкія выбары не сталі сюрпрызам. Давайце быць шчырымі: пакуль краінай кіруе Лукашэнка, нічога не зменіцца. Не будзе умоваў для канкурэнцыі і свабодных выбараў. Вынік той самы: парламент без аніводнага апазіцыйнага кандыдата".
Іншыя крытычныя пункты прынятай рэзалюцыі традыцыйныя — палічныя зняволеныя, затрыманні журналістаў, прымяненне смяротнага пакарання, нявыдача візаў еўрапейскім палітыкам.
Еўрадэпутат Крысціян Вігенін (Kristian Vigenin) са змрочным гумарам ацаніў такое становішча.
Крысціян Вігенін: "Рыхтаваць рэзалюцыі па Беларусі з чымсьці новым становіцца ўсё цяжэй. У наступны раз мы можам задаволіцца ўсяго адным сказам: "Мы паўтараем выказаныя намі ў мінулых рэзалюцыях пазіцыі". Лукашэнка як быццам стварыў машыну часу. Хіба гэтым можна патлумачыць, як еўрапейская краіна можа замарозіць сябе ў цяперашнім дынамічным і ўзаемазвязаным свеце".
Хаця цяперашняя рэзалюцыя не заклікае Савет ЕС пашырыць санкцыі, а Міжнародную федэрацыю хакея — перанесці Чэмпіянат-2014 з Беларусі, еўрадэпутат Пэтэр Шцястны (Peter Šťastný) адзін з тых, хто прыцягвае выступаць за больш жорсткую лінію адносін з афіцыйным Мінскам.
Пэтэр Шцястны: "Павінна працягвацца палітыка моцных санкцый і падтрымкі апазіцыі. Трэба перанесці хакейны чэмпіянат свету з Мінску, каб рэжым Лукашэнкі не скарыстаў яго на сваю карысць".
Нагадаем, напярэдадні рэзалюцыі па Беларусі ў Еўрапарламенце, Савет ЕС вырашыў прадоўжыць дзеянне візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, але не пашырыў “чорны спіс”.
Глядзі таксама:
Еўрадэпутат абвінаваціў Федэрацыю хакею ў "змове супраць дэмакратыі"
Пэтэр Шцястны: Забарона спартовых мерапрыемстваў у гісторыі мела вынікі
Прэс-сакратар МЗС параўнаў Еўрапарламент з друкарскай машынай
Уладзіміра Макея пакінулі неўязным у ЕС