Галоўны трэнер беларускай футбольнай зборнай Ігар Крывушэнка звольнены
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Ігар Крывушэнка звольнены з пасады. Як паведамляе сайт Беларускай федэрацыі футбола, сёння адбылася сустрэча кіраўніцтва АБФФ са спецыялістам, па выніках якой вырашылі спыніць супрацоўніцтва "па згодзе бакоў".
Першы намеснік старшыні АБФФ Юрый Вяргейчык ад імя федэрацыі выказаў падзяку Ігару Крывушэнку за зробленую працу.
"Ён прыняў каманду ў складаны момант і здолеў зрабіць з ёй вялікі шлях, здабыўшы пуцёўку ў плэй-оф Лігі нацый. На жаль, вынікі ў адборачным турніры Еўра-2020 сталіся не такімі, якіх чакалі заўзятары, эксперты і кіраўнікі федэрацыі. Разумеючы гэта, сумесна з галоўным трэнерам мы прыйшлі да высновы: зборнай патрэбны новы выклік", — заявіў Вяргейчык.
Крывушэнка таксама падзякаваў камандзе і заўзятарам за падтрымку і выказаў шкадаванне, што атрымалася рэалізаваць не ўсё, што задумвалася. "Але я ўпэўнены, што ў далейшым зборную Беларусі чакае святлая будучыня", — сказаў спецыяліст.
Зборную таксама пакідаюць памочнікі галоўнага трэнера Алег Кузьмянок і Валерый Стрыпейкіс.
У адборачным турніры на Еўра-2020 беларуская каманда пацярпела чатыры паразы запар: двойчы ад Паўночнай Ірландыі і па адной — ад Нямеччыны і Нідэрландаў.