Гамяльчане прыйшлі падтрымаць "Хлебную майстэрню" — яе зачынялі з-за праверак
Чарга ў "Хлебную майстэрню" / gomel.today
Вялізная чарга ўтварылася ў нядзелю каля крамы "Хлебная майстэрня" на Цэнтральным рынку Гомеля. Дзесяткі гамяльчан прыйшлі падтрымаць ўстанову, якая вымушана была зачыніцца з-за праверак, паведамляе телеграм-канал gomel.today.
"Хлебная майстэрня" падтрымала агульнанацыянальны страйк 26 кастрычніка, пасля чаго ў краме пачаліся пазапланавыя праверкі. Гандаль прыйшлося прыпыніць "да ліквідацыі праблем", якія выявілі правяраючыя.
Людзі, якія прыйшлі падтрымаць краму ў нядзелю, за паўдня раскупілі трохдзённы асартымент. Уладальнікам крамы прыйшлося нават падвозіць круасаны.
Сур'ёзныя праблемы з праверкамі ўзнікаюць і ў іншых устаноў, якія падтрымалі страйк. У Мінску, у прыватнасці, пра закрыццё на нявызначаны час абвясцілі ўладальнікі кафэ O'Petit, што на праспекце Пераможцаў. У суботу 5 снежня быў апошнім днём працы кафэ. Яно прагрымела гэтай восенню пасля таго, як яго шкляныя дзверы разбіў начальнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў. Затым O'Petit падтрымаў страйк, пачаліся праверкі. Спачатку яно вымушана было зачыніцца на час, а затым і зусім прыпыніць працу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.