Гандбаліст Рутэнка любіць беларускую мову, але падтрымлівае дзеянні Расіі
У інтэрв'ю газеце "Прессбол" гулец "Барселоны" і нацыянальнай зборнай Беларусі прызнаўся: ён шкадуе, што не гаворыць на роднай мове.
Гулец нацыянальнай гандбольнай зборнай Беларусі і "Барселоны" Сяргей Рутэнка ў інтэрв'ю газеце "Прессбол" выказаўся пра беларускую мову і вайсковы канфлікт ва Украіне.
"Я люблю радзіму, Мінск, — кажа Сяргей Рутэнка. — На жаль, не размаўляю на беларускай мове. У школе вучыў, але колькі разоў на тыдзень былі тыя заняткі? На вуліцы ніхто па-беларуску не гаварыў, ды і бацькі ў мяне не адсюль родам. Таму і звычкі да мовы мне не прышчапілі. Хоць мне падабаецца, калі людзі гавораць на роднай мове, люблю яе слухаць. Але ўсё трэба рабіць акуратна. Часам і тут аддае паказухай — не ведаю, адчуваеце вы ці не. Мне не па душы, калі асобныя людзі бравіруюць гэтым. Але я, безумоўна, за беларускую мову і нацыянальныя сімвалы".
Паводле слоў Рутэнкі, яму падабаецца песня гурту Brutto "Наша возьме".
Таксама гандбаліст выказаў свае адносіны да канфлікту ва Украіне. "У мяне нямала сваякоў па абодва бакі канфлікту, — кажа Сяргей Рутэнка. — ...Я ж падтрымліваю палітыку нашай дзяржавы і дзеянні Расіі. На мой погляд, гэта адна з нешматлікіх краін, якія могуць сказаць "не" таму, што адбываецца ў глабальнай палітыцы. І зараз яе за гэта караюць. Мне здаецца, на месцы расіян я дзейнічаў бы гэтак жа".