Гарадзенцу, які абвінавачваў міліцыянераў у збіцці, стала лепш
Стан здароўя 36-гадовага гарадзенца Дзяніса Лук’янава, які абвінавачваў міліцыянераў у збіцці на фестывалі SunDay, палепшыўся. Сваякі спадзяюцца, што ў хуткім часе мужчыну перавядуць з рэанімацыі ў звычайную палату.
“Дзяніс яшчэ ў рэанімацыі, але яму стала крыху лепш, — расказала Еўрарадыё яго сястра Дар’я. — Ён гаворыць і есць, але з нагой, вядома, ёсць праблемы. Мы спадзяёмся, што яго перавядуць у агульную палату”.
Міліцыя затрымала Дзяніса п’яным на аўтамабільным фестывалі SunDay увечары 20 ліпеня. Па версіі сваякоў Дзяніса, па дарозе да РАУС мужчыну збілі. Праз нейкі час гарадзенец трапіў у лякарню, дзе ў яго дыягнаставалі некроз цягліцы і ампутавалі частку нагі.
Калі гісторыя трапіла ў СМІ, прэс-служба МУС выступіла з яе абвяржэннем. У ведамстве сцвярджаюць, што правялі грунтоўную ўнутраную праверку, у выніку якой стала зразумела, што Лук’янава не затрымлівалі супрацоўнікі АМАПа. Былі паказаныя кадры, знятыя камерай відэаназірання, на якіх Лук’янаў ходзіць па тэрыторыі РУУС. У МУС дадалі, што траўмы гарадзенец атрымаў па ўласнай неасцярожнасці праз некалькі дзён пасля фестывалю, а супрацоўнікі органаў унутраных справаў не маюць да іх ніякага дачынення.
Аднак сваякі Лук’янава адмаўляюцца пагаджацца з гэтай версіяй і патрабуюць дадатковага расследавання. Таксама яны збіраюцца патрабаваць кампенсацыю за шкоду, нанесеную мужчыну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.