У Беларусі выкрылі "экстрэмісцкі" рэпост за тры дні да таго, як ён быў зроблены
Міліцыянер складае пратакол (ілюстрацыйнае фота)
У Беларусі выкрылі "экстрэмісцкі" рэпост за тры дні да таго, як ён быў зроблены. Міліцыянеры так захапіліся канвеерам рэпрэсій, што нарабілі памылак у пратаколе. "Наша ніва" знайшла яго ў банку судовых рашэнняў.
Кур'ёзны пратакол міліцыянеры склалі на 50-гадовага жыхара Дуброўна Андрэя Марачова, які працуе інжынерам-механікам на мясцовым ільнозаводзе. Яго двойчы запар судзілі за "дробнае хуліганства" — 7 і 26 сакавіка. Наступны суд адбыўся 8 красавіка. Згодна з яго пастановай, 31 сакавіка 2024-га мужчына зрабіў рэпост "экстрэмісцкіх матэрыялаў" на сваю старонку ў "Аднакласніках". Але міліцыянеры з Дубровенскага РАУС яго апярэдзілі і ўжо раніцай 28 сакавіка падчас "нечаканага" агляду старонкі Марачова знайшлі гэты рэпост. Дарэчы, старонка гэтая закрытая, таму, імаверна, сілавікі зайшлі на яе проста з тэлефона затрыманага. У выніку яго асудзілі яшчэ на трое сутак і канфіскавалі камп'ютар. Мяркуючы па раскладах судоў, чарговы суд над мужчынам адбыўся 25 красавіка.
Відавочна, што Андрэю Марачову міліцыя зладзіла "канвеер" адміністрацыйных судоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.