Гаркуша мусіць быць адзін! А дзён народзінаў лепш болей
Алег Гаркуша з гурта "АукцЫон" правёў гадзіну ў эфіры Еўрарадыё, дзе распавёў пра свой дзень народзінаў, хуткі канцэрт у Мінску, маладыя гурты і сілу ўяўлення.
Канцэрт "АукцЫон" і святкаванне 50-гадовага юбілею шоўмэна Алега Гаркушы запланаваныя на 4 сакавіка ў клубе "Рэактар". Да 18 лютага на Еўрарадыё можна выйграць два квіткі на гэты, не сумняваемся, цудоўны канцэрт (усяго толькі трэба напісаць верш-віншаванне Алегу). А пакуль вы думаеце, ісці-не-ісці-пісаць-не-пісаць, прапануем вам пачытаць (або паслухаць) інтэрв'ю з Алегам.
Буду вельмі рады, калі хтосьці з мінскіх выканаўцаў прыйдзе мяне павіншаваць
Еўрарадыё: Алег, прывітанне, як становішча ў Піцеры?
Гаркуша: Добрае становішча, 2 градусы цеплыні — цалкам прыстойна.
Еўрарадыё: Найперш нас цікавіць, што чакае мінскіх слухачоў на вашым канцэрце 4 сакавіка ў клубе "Рэактар"...
Гаркуша: Я сам не ведаю, што будзе І Лёня Фёдараў таксама не ў курсе, якія песні будуць выконвацца. Гэта стане ясна толькі на самім канцэрце. Але, магчыма, нейкія сюрпрызы для мяне Лёня падрыхтаваў, нейкія песні, якія даўно не граліся і не спяваліся. Паглядзім.
Еўрарадыё: Гледзячы на афішу такога ж канцэрта ў Піцеры, бачна, што яго будуць падтрымліваць і Шаўчук, і Арбеніна, і Чыгракоў. А ў Мінску?
Гаркуша: Ізноў-такі, не ў курсе. Калі хтосьці з мінскіх выканаўцаў прыйдзе мяне павіншаваць — буду вельмі рады.
Еўрарадыё: Ці знаёмыя вы з мінскай сцэнай? Імёны нейкія Алегу Гаркушу вядомыя?
Гаркуша: З Сярожам з "Ляпіса Трубяцкога" я знаёмы вельмі добра. Ён нават "разаграваў" мяне ў далёкім 90-нейкім-не-памятаю годзе — пакуль я бегаў па піва, ён спяваў замест мяне песні. Але гэта было вельмі даўно. А пасля мы пілі на могілках...
Еўрарадыё: А цяпер Сяргей ужо зусім не п'е... Ну, амаль не п'е.
Гаркуша: Я далучаюся. Я таксама не п'ю ўжо 15 гадоў. І дзякуй Богу, што Сяргей таксама не п'е.
Еўрарадыё: Што адбываецца з рускімі музыкамі?
Гаркуша: Што адбываецца... Жыць хочуць рускія музыкі! І ствараць, і весяліць людзей.
А старыя касцюмы я... з'еў!
Еўрарадыё: (пытанне ад дзяўчынак) Адкуль вы бярэце свае касцюмы?
Гаркуша: Усё пачалося вельмі даўно, з 1985 года, калі я ўпершыню выйшаў на сцэну. Касцюм я набыў у камісійнай краме, ён мне спадабаўся, па тых часах ён быў не арыгінальны, але цікавы — чорны, з барвовым закаўрашом. Пасля я стаў яго аздабляць брошкамі, і ён пераўтварыўся ў "іканастасік".
Еўрарадыё: (пытанне ад слухача) Гэта той касцюм, у якім вы здымаліся ў фільме "Взломщик"?
Гаркуша: Так, так... Тады ён быў яшчэ не зусім у брошках і брыльянтах. Але гэта быў пачатковы момант, калі касцюм з'явіўся. Праз нейкі час ён, зразумела, абдрыпаўся. І цягам 26 гадоў касцюмы ў мяне ўжо мяняліся. На гэты момант у мяне... ну, не буду казаць, пабачыце, сімпатычны касцюмчык, зручны, лёгкі, прыгожы і стылёвы.
Еўрарадыё: А са старымі касцюмамі вы што зрабілі?
Гаркуша:... З'еў!
Еўрарадыё: Мо, на аўкцыён? Ды прадаць, ды падаражэй?
Гаркуша: Мы прапаноўвалі гэты "іканастасны" касцюм прадаць-падарыць-даць у арэну, але я яго пакінуў да лепшых часоў, бо, мабыць, сёлета ў мяне з'явіцца ў Піцеры памяшканне для цэнтра "Гаркундэль". І там будзе музей, і я хацеў бы, каб гэты касцюм, з рарытэтамі ад іншых музыкаў, знаходзіўся там.
Еўрарадыё: То бок "Гаркундэль" з часам ператворыцца ў супер-дарагую сетку рок-кавярняў, увешаную рарытэтамі, гітарамі і г.д. ад сусветных рок-зорак... Як Hard Rock Cafe?
Гаркуша: Не ператворыцца ні ў якім разе, а ператворыцца ў добрую дабрадушную ўстанову, дзе людзі будуць прыходзіць, слухаць добрую музыку. І усё будзе там досыць нядорага. Калі гэта атрымаецца, дай-то Бог.
Мне патрэбныя і музей, і студыя, і рэпетыцыйныя класы, і клуб
Еўрарадыё: Дык а цяпер "Гаркундэль" знайсці дзе-небудзь можна? Прыязджаем мы ў Піцер, і што бачым?
Гаркуша: І нічога вы не бачыце! (смяецца) Карацей кажучы, прыязджаеце ў Піцер, набіраеце "Гаркундэль" і знаходзіце месца, дзе "Гаркундель" нібыта базуецца.
Рэч у тым, што на працягу 10 гадоў, як працуе фонд "Гаркундэль", мы просім у горада памяшканне. Іх даюць, але мяне не задавальняюць, яны маленькія. Мне патрэбныя пабольш, каб там змясціліся і музей, і студыя, і рэпетыцыйныя класы, і клуб.
У выніку фонд праводзіць канцэрты выязныя. Мы дамаўляемся з добрымі людзьмі, якія нам даюць пляцоўку, і там мы робім фестывалі "Гаркундэля", у якіх бяруць удзел, як правіла, па 5 калектываў, маладых. Вось так "Гаркундэль" і існуе шмат гадоў.
Еўрарадыё: Наколькі гэты ўдзячны занятак — цяпер у Расіі займацца маладымі камандамі?
Гаркуша: Не скажу, што зусім ужо ўдзячны… Але я ўжо 11-ы год займаюся фэстам "Окна открой", які штолета праходзіць у Піцеры. І мы збіраем зусім маладыя калектывы, якія ні разу не прымалі ўдзелу ў вялікіх фэстах, і яны граюць уперамешку з хэдлайнерамі. Гэтым фэст і цікавы, таму што іншых фэстаў такога плану, дзе маладыя паказваюць сябе, не існуе ў нас.
Натуральна, на працягу 10 гадоў тыя гурты, якія пачыналі, ужо сталі досыць вядомыя —"Ночные Снайперы","Billy's Band", "Враги", "Animal ДжаZ", "Ангел НеБес", "Теория"— то бок шмат якія гурты з дапамогай фэсту здабываюць прыхільнікаў, цікавасць журналістаў і гуказапісвальных кампаній у тым ліку.
Еўрарадыё: Калі казаць пра "тут і цяпер" — якія маладыя каманды ўжо на шляху да папулярнасці?
Гаркуша: Добра ідзе, сваёй дарогай, гурт "Ангел НеБес" — маладая каманда, прыехала з Тулы 2 гады таму. Гурт "Теория" — прыехалі 5 гадоў таму з Краснадара. "Площадь Восстания" — з Піцера, але перспектыўныя, усіх не запомніш… Увогуле яны ўжо збіраюць... ну не стадыёны, але залы ўжо збіраюць.
Еўрарадыё: Радасна ад гэтага хоць?
Гаркуша: Гэта прыемна. Гурты, дзякуй Богу, не зазнаюцца, вітаюцца. І дзякуюць за дапамогу.
Новыя вершы — пра лес, пра ваду, пра прыроду, пра каханую, пра іншых людзей…
Еўрарадыё: На Еўрарадыё стартаваў конкурс, у якім можна выйграць 2 квіткі на канцэрт "АукцЫона" у Мінску (4 сакавіка, "Рэактар). Для гэтага трэба будзе пацягацца з вамі, Алег, у паэзіі — павіншаваць вас з 50-годдзем.
Гаркуша: Ого! Ну давайце, цікава будзе пачытаць.
Еўрарадыё: Скажыце, ці складана пісаць вершы?
Гаркуша: Ой, я не ведаю. Паэтам я як такім не з'яўляюся. Я проста запісваю вершы, калі да мяне прыходзіць нейкая думка або слова, або два. Запісваю, а на выхадзе гляджу — калі падабаецца, то ў мяне становіцца добры настрой.
Дарэчы, у мяне днямі выходзіць новая складанка.
Еўрарадыё: А там будуць новыя творы? Ці толькі тыя, што не ўвайшлі ў старыя складанкі?
Гаркуша: Так, як раз тыя, якія не ўвайшлі ні ў "Мальчик как Мальчик", ні ў "Старый пионер", ні ў "Поэты русского рока". Гэта будзе кніжка тых вершаў, якія мала хто ведае — як тыя, што напісаныя пэўную колькасць гадоў таму, гэтак і зусім новыя. Кніга будзе называцца "Ворона".
Еўрарадыё: Чым яна заслужыла?
Гаркуша: Тым, што ў перакладзе з украінскай крумкач перакладаецца як "гаркуша".
Еўрарадыё: Пра што новыя вершы? Што цяпер хвалюе ваш розум?
Гаркуша: Калі ён ёсць, вядома… Ведаеце, не магу сказаць, пра што. Новыя вершы я не запамінаю, а старыя — пабудзіце, я прачытаю. Новыя яшчэ вывучыць трэба.
Але пра што… пра лес, пра ваду, пра прыроду, пра каханую, пра іншых людзей… пра ўсё.
Еўрарадыё: Уявім: цяпер ноч, мы вас будзім, і першы верш, якія вы хочаце прачытаць у эфіры Еўрарадыё, гэта…
Гаркуша:
Она смотрела на мужчин
Без осмысления причин
И взглядом очень тонким
Колола их иголкой
И делала прически
И мерила наряды
И жгла свои расчески
Чему была и рада
Вела свои записки
И там стихи писала
Про счастье и ириски
И свет большого зала
Во сне была актрисой
И красотой душила
И старые кулисы
С печалью долго шила… шила… шила…
Вось такое.
Еўрарадыё: Алег, як вы ставіцеся да таго, што рускія музыкі пішуць лірыку на англійскай мове?
Гаркуша: Ой… Не мне судзіць, але, здаецца, дзівавата выглядае, калі рускія музыкі спяваюць на англійскай. Мне здаецца, лепш за арыгіналаў наўрад ці гэта можна зрабіць. Хаця ёсць выключэнні.
Еўрарадыё: Апошняе інтэрв'ю на Еўрарадыё было з маскоўскім пост-рок гуртом, і яны тлумачылі гэта тым, што руская мова не кладзецца на іх музыку… ніяк, не гармануе. Дык усё ж такі, ці можна праўдзіва напісаць на англійскай рускаму музыканту?
Гаркуша: Я думаю, і так, і не. Калі музыкант так жадае, што ж з ім паробіш, хай спявае і складае на англійскай. Я за свабоду.
Мы не рэпетыруем ніколі
Еўрарадыё: Распавядзіце пра творчы праект з Летавым і Калоўскім. Дзе можна паслухаць, дыск набыць?
Гаркуша: Паслухаць... Гэта трэба звязацца з Сяргеем Летавым, знайсці яго па... як гэта называецца... інтэрнэце (я проста не сябрую з інтэрнэтам, таму не ў курсе). І там у яго ўсё выкладзена — нашыя сумесныя канцэрты.
Мы апошнім часам гастралюем не часта, і як правіла дуэтам — я і Сяргей Летаў.Калоўскі трошкі адышоў ад спраў, не грае з намі. І мы ўдвух — я чытаю вершы, а Сяргей грае на розных інструментах.
Еўрарадыё: Гэта нейкія падрыхтаваныя творы або імправізацыя?
Гаркуша: Мы не рэпетыруем ніколі. Ён іграе, а я чытаю, няма розніцы што.
Еўрарадыё: І як рэагуе публіка?
Гаркуша: Пытаюцца вельмі часта, колькі гадоў мы рэпетыравалі. І калі даведваюцца, што мы не рэпетыравалі, вельмі дзівяцца. Але гэта творчасць, гэта добра, мне гэта падабаецца.
Я адзін з апошніх абарыгенаў
Еўрарадыё: Вы сказалі, што не сябруеце з інтэрнэтам. Скажыце, як такое магчыма ў 2011 годзе?
Гаркуша: Мабыць, я адзін з апошніх абарыгенаў... Ну, мне пакуль не трэба. З інтэрнэтам я не сябрую зусім, штосьці мне гэта не вельмі цікава.
Еўрарадыё: А як вы з сябрамі перапісваецеся?
Гаркуша: Як? Я проста стэлефаноўваюся і на вуліцы сустракаюся або ў кавярні.
Еўрарадыё: А калі сябры далёка жывуць? Тэлефанаваць дорага, напэўна.
Гаркуша: Ох, ну... хай жывуць!
Еўрарадыё: Вы пра іх памятаеце...
Гаркуша: Так, я пра іх памятаю, і яны пра мяне, тэлефануюць таксама часам.
Еўрарадыё: А як вы інфармацыю даведваецеся? Вось мы цяпер увядзем у інтэрнэт "Алег Гаркуша" і імгненна "дасье" на вас атрымаем.
Гаркуша: Ды ну, глупства. Тэлевізар уключыў — і ўсё табе скажуць.
Еўрарадыё: Ага, значыць тэлевізар усё ж такі глядзіце?
Гаркуша: Так, я тэлевізійны ман... мэн.
Еўрарадыё: А што глядзіце?
Гаркуша: Ды ўсё гляджу... Усё запар.
Еўрарадыё: І на "зіпінг" хварэеце, мабыць? На пераключэннее каналаў?
Гаркуша: Так, ёсць такое. Але, вядома, ёсць нейкі рэйтынг у маёй галаве — дакументальнае кіно, пра артыстаў, савецкае старое кіно.
Еўрарадыё: А новае кіно?
Гаркуша: Не ўсё. З апошніх магу адзначыць "Похороните меня за плинтусом".
Еўрарадыё: А як фільм... Вось з апошніх, у 3D — "Трон", працяг таго, што ў 80-х гадах здымалі. Як вы да такога кінематографа ставіцеся?
Гаркуша: Усе гэтыя сучасныя навароты — гэта, вядома, прыгожа і суперздорава. Але мне больш падабаюцца душэўнае фільмы, як "Похороните меня за плинтусом", "Остров", "Прайя"... Стралялкі мне таксама падабаюцца, але гэта кіно-то і не назавеш.
Еўрарадыё: Будзем лічыць, што моладзь вас не чула.
Гаркуша: Хай чуюць! Няма чаго ўсялякае глупства глядзець.
Еўрарадыё: Ахвота яшчэ "памацаць" вас на сучаснасць... Як вы ставіцеся да такой хвалюючай сучаснасць тэмы, як генная інжынерыя? Ці жадалі бы кланаваць сябе?
Гаркуша: Скажу прыгожа... Гаркуша павінен быць адзін! Ніякіх клонаў.
Еўрарадыё: А калі ў Гаркушы нешта забаліць? Як у фільме "Остров" (The Island), дзе з клонаў выразалі здаровыя органы, калі ў "арыгінала" нешта адмаўляла.
Гаркуша: Ну... запасныя часткі, можа, неўзабаве і спатрэбяцца (цьфу-цьфу-цьфу). Але калі гэта ўсё будзе? Калі гэта прыдумаюць? Нас ужо ўсіх не будзе, напэўна.
Еўрарадыё: Як сказаць. Тое, што здавалася далёкай будучыняй — цяпер ужо рэальнасць. Вось у Амерыцы: плаці 200 тысяч долараў — і можаш у космас злётаць, на 5 хвілін на арбіту.
Гаркуша: Але гэта так, турысты.
Еўрарадыё: А вы бы да такіх турыстаў далучыліся?
Гаркуша: Не ведаю... Лянота... Не, не далучыўся бы.
Еўрарадыё: А як жа дзіцячыя мары, стаць касманаўтам? На 5 хвілін у космас?..
Гаркуша: Сапраўды, я магу выйсці на паляну ўначы і паглядзець на неба і сваім уяўленнем перанесціся ў космас.
Я зараз выкажу сваё меркаванне, і мы да вас не прыедзем
Еўрарадыё: Вернемся да тэлевізара... Калі яго глядзіце, то, напэўна, і навіны таксама, і, напэўна, у вас ёсць сваё меркаванне на гэты конт. Напрыклад, падзеі ў Беларусі — у нас, наколькі вы ведаеце, месяц таму былі выбары...
Гаркуша: Ага, ведаю я! Я зараз выкажу сваё меркаванне, і мы да вас не прыедзем, так? "Я не трус, но я боюсь". Я чалавек просты і імкнуся ад палітыкі быць далёка.
Але тое, што адбываецца ў вас і ў іншых краінах... Не тое, каб вам больш бачна... Вядома, мне гэта таксама ўсё не вельмі падабаецца. Выбары-не выбары, але ўсё мусіць быць сумленна. Калі гэта не сумленна — то гэта дрэнна. Наогул несумленна — гэта вельмі дрэнна, калі чалавек ідзе да сваёй мэты з нейкімі карыслівымі думкамі, я лічу, гэта няправільна. Нікога не называючы пры гэтым.
Мала-мала-мала!
Еўрарадыё: (ад слухача) Ува што вы верыце ў жыцці? У мяне сяброўка, да прыкладу, верыць у робатаў і навукоўца Стывена Хокінга...
Гаркуша: А я веру, што ў мяне сёлета з'явіцца памяшканне для цэнтра "Гаркундэль". Хоць бы сёлета. Вось у гэта я і веру. Ох... а калі не атрымаецца, я не ведаю, што зраблю.
Еўрарадыё: Няхай гэта будзе падарункам на дзень народзінаў!
Гаркуша: Гэта было бы так здорава, што я крычаў бы ад шчасця.
Еўрарадыё: Цікава, чаму вам не сядзіцца? Ужо і так шмат усяго зроблена, можна было ўжо проста глядзець тэлік...
Гаркуша: Мала-мала-мала! Ахвота, каб гурты цікавыя з'явіліся, альбомы запісваліся, таленавітыя тэатральныя рэжысёры ставілі свае геніяльныя пастаноўкі, кінарэжысёры рабілі свае кінафільмы. У мяне самога даўно ідэя зняць кінафільм. Шмат ідэй розных, а калі ў цябе ёсць месца, дзе ты можаш гэта ўсё зрабіць — гэта выдатна. Менавіта дзеля гэтага ахвота, каб усё гэта было.
Калі пішаш, то пішы на цвярозую галаву
Еўрарадыё: (ад слухача) У які час сутак на вас зыходзіць натхненне?
Гаркуша: Прачынаюся я вельмі позна, дзесьці а першай дня. Ну, напэўна удзень... не, хлушу, увечары , а 19-20-21.
Еўрарадыё: Ці часта бывае так, што ідэя, якая прыйшла падчас "эйфарычнага" натхнення, на "цвярозую" галаву здаецца ўжо не такі цікавай?
Гаркуша: А на п'яную галаву наогул нічога не зразумела. Таму лепш пісаць на цвярозую галаву. Як раз тыя рэчы, якія я спрабаваў пісаць на п'яную галаву, на раніцу прачытваў і рваў, і спальваў, таму што нічога цікавага з гэтага не выходзіла. Так што калі пішаш, то пішы на цвярозую галаву.
Еўрарадыё: На цвярозую галаву, увечары... Яшчэ якая-небудзь парада? А то слухачам нашым трэба падказаць, як сваю фантазію актывізаваць. Можа, вы ім сваім экспромтам дапаможаце?
Гаркуша: Экспромт не магу, але яшчэ адзін верш прачытаю:
Мне моя красавица тапочки купила
Теплые, пушистые, как хвостики котят,
Котики смешные, как моя красавица,
Как не упрашиваю, кушать не хотят.
Где ты мое солнышко, освещает комнату,
Там моя, закрытая, девушка грустит.
И в горшочек маленький посажу я зернышко
И мерзких мыслей пусть меня стошнит.
Пусть я стану тапочком, или может хвостиком.
Ну уж врядли дождиком, или желуной.
Я хочу быть досточкой, или просто мостиком,
Чтобы ближе быть мне с тобой.
Еўрарадыё: Дзякуй вам вялікі, Алег! Вельмі чакаем у Мінску. На канцэрце і павіншуем. Чакайце нашую каманду з кветкамі і.. чорнай жанчынай.
Гаркуша: Вось гэта добра. З дзвюма, калі ласка!