Герберт Маралес запісаў гімн хутару Шаблі (відэа)

Еўрарадыё наведалася ў мінскую студыю “Осмос”, дзе вядзецца праца над песняй. Першапачаткова планавалася запісаць яе непасрэдна на хутары — у пуні. Але не атрымалася, паколькі “абсталяванне” не дазволіла зрабіць усё якасна.

Яшчэ на лесвіцы сустракаем гітарыста Сяргея Канановіча ("Крамбамбуля", Pomidor/OFF, Zet, Hasta la filsta, Hoha-band), які ўзбуджана распавядае, з чаго ўсё пачыналася. Як высветлілася, ідэя напісаць песню пра хутар Шаблі нарадзілася ў Сяргея Канановіча і Аляксандра Хаўкіна ("Крамбамбуля", Zet) даўно. Музыкі прыдумалі і запісалі мелодыю будучай песні яшчэ 4 гады таму!

“Прыйшла нам з Сашам Хаўкіным ідэя запісаць песню, якая б аб’ядноўвала ўсіх наведвальнікаў хутара, –– распавядае Сяргей Канановіч. –– Ідэяй было стварыць песню пра верных сяброў, якія збіраюцца разам. Вось неяк мы адпачывалі на хутары ў Валодзі Шаблінскага. А ў мяне як заўжды ёсць з сабой гітара, і мы прыдумалі мелодыю. На наступны дзень на хутар прыехаў Леанід Пятрэнка, які і напісаў тэкст песні. Нам вельмі хацелася, каб яе спеў менавіта Гера Маралес — гэта быў першы музыка, пра якога мы падумалі”.

Акурат у гэтыя дні вядомы музыкант і заснавальнік гурта “Jah Division” Герберт Маралес апынуўся ў Мінску з канцэртам. Дарэчы, музыка ніколі не быў на хутары Шаблі, але цяпер плануе абавязкова яго наведаць.

“Гэта ўжо проста нагода прыехаць і спець песню там! Паспрабую нават пайграць яе на гітары. Песня вельмі харошая! Я вельмі люблю творчую працу, і калі размова зайшла пра тое, каб стварыць песню “Верные друзья”, я быў вельмі рады, што паўдзельнічаю ў гэтым. Песня прыгожая, і мне здаецца, што я яшчэ доўга буду яе напяваць!" — смяецца Герберт.

Песня ў стылі рэгі, атрымліваецца сонечнай і добрай. Але гэта не вясёлае традыцыйнае рэгі — “Верные друзья” задумваецца музыкамі як больш глыбокая і ў нечым інтымная кампазіцыя. Для паўнаты карцінкі ўдзельнікі запісу дадаюць пэўнага антуражу — паўсюль расстаўленыя ўсходнія пахошчы з каларытнай назвай “Суперхіт”.

“Ёсць яшчэ і проста пахошчы “Хіт”, — смяецца Хаўкін і забягае з палачкай непасрэдна ў студыю, пакуль музыкі паляць на лесвіцы. — Але ж мы запісваем суперхіт! Таму усё прадумана адмыслова для запісу!”

На дадзены момант у працы над кампазіцыяй ужо ўзялі ўдзел бубнач Зміцер Харытановіч (Pomidor/OFF, Zet, Hasta la filsta, :B:N:, Hoha-band, Drum Ecstasy) і бас-гітарыст Максім Кот-Кузьма (Pomidor/OFF, Pukstband).

Прэзентаваць песню “на жыва” плануецца падчас фестывалю “Вольнае паветра”. Да яе выканання зможа далучыцца кожны — музыканты зладзяць калектыўнае караоке.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі