Glofira “Всё ОК”

Альбом гомельскага гурта Glofira “Всё ОК” пацвярджае меркаванне музыкаў пра тое, што яны не вызначыліся са стылем і падачай матэрыялу. Пры выдатным тэхнічным выкананні, хлопцы не паказваюць нічога новага. Дыск гучыць моцна, нервова, месцамі дэпрэсіўна — карацей, усё неабходнае для альтэрнатыўнай музыкі.

А вось з тэкстамі ў Glofira усё сумна. Тэма “я — яна” цягнецца амаль праз усе песні. Як вынік — заштампаванасць, спрошчанасць і, нават, пэўная эстраднасць лірыкі. Па ўсіх параметрах, у тым ліку, тэкставых, сур’ёзна выдзяляецца нумар “Кола”. У ім гомельцы нібыта раскрываюцца. Ёсць такія гурты, якія па розных прычынах лепш гучаць з беларускамоўным матэрыялам. Glofira, відаць, менавіта такі выпадак. На жаль альбом “Всё ОК” не дае магчымасці пацвердзіць гэтую выснову, бо іншых беларускамоўных трэкаў няма.

Песня “Кола” ўпэўнена дасылае да музыкі Audioslave. Гурт Крыса Корнэла і ўдзельнікаў Rage Against the Machine не рэдка чуецца ў песнях Glofira. Нядрэнны выбар, але ён не ўплывае на зацягнутасць кружэлкі (на альбоме 11 песень). Хоць другая палова альбома па гучанні, аранжыраваніі і ідэях значна больш цікавая за першую, але ўжо на 6-8 трэку пачынаеш стамляцца.

Трэк “Седатив” нечакана выклікаў усмешку і неразуменне. Песня пачынаецца з меладычнага ходу, які ў любога аматара “Разбітага сэрца пацана” выклікае віск і жаданне “рабіць рукамі страўсікаў”. Не ведаю, стырыла Glofira пройгрыш песні Wall-e, ці проста супадзенне, але “РСП” выдалі свой трэк раней.

Вынік такі: Glofira пазнавальны гурт, але не запаміналны. Ёсць вельмі ўдалыя трэкі, якія маглі б выбухнуць, але яны губляюцца ў агульнай масе. Магчыма, хлопцам варта скараціць колькасць песень на альбомах, пакідаючы толькі бяспройгрышныя варыянты, і крыху папрацаваць над тэкстамі… пажадана беларускімі.

Трэк-ліст:

  1. 01. Дата
  2. 02. Диско
  3. 03. Всё ОК
  4. 04. Этот фильм
  5. 05. Удалить
  6. 06. Кола
  7. 07. Змея
  8. 08. Падай вверх
  9. 09. Мусор
  10. 10. Седатив
  11. 11. Здесь и сейчас

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі