Гомельскі хімзавод праз вайну Расіі з Украінай страціў 95% экспарту
Гомельскі хімічны завод / belfert.by
Гомельскі хімзавод пасля нападу Расіі на Украіну страціў 95% экспарту. Пра гэта "Весніку "Белнафтахіма" расказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Чарнякоў. Вытрымкі з артыкула прыводзіць reform.by.
"Не сакрэт, што ў пачатку сакавіка мы раптоўна страцілі 95% экспарту, які складаў 70% усёй выручкі, і засталіся са стратным унутраным рынкам", — кажа Чарнякоў. Цягам пяці апошніх гадоў прадпрыемства не падымала кошты ўгнаенняў унутры краіны. Страты на ўнутраным рынку кампенсаваліся прыбыткамі ад экспарту. У выніку прадпрыемства вымушана было адпусціць цэны для беларускіх спажыўцоў і шукаць новыя рынкі збыту. Штогод Гомельскі хімзавод прадаваў за мяжу 360-430 тысяч тон.
"Нас выручыла тое, што яшчэ ў 2020 годзе ў мэтах дыверсіфікацыі экспарту мы пачалі рэгістрацыю асобных марак угнаенняў у Расіі", — кажа Чарнякоў. Па яго словах, рабілі гэта "на ўсялякі выпадак". Паколькі на той момант расійскі рынак быў не вельмі цікавы.
"Але ў самы патрэбны момант наша ініцыятыва спрацавала. З сярэдзіны красавіка ААТ "Гомельскі хімічны завод" ужо мела неабходныя рэгістрацыйныя дакументы", — расказаў дырэктар. Ужо ёсць партнёр, які стаў дыстрыбутарам. У выніку за паўгода ўдалося прадаць у РФ 200 тысяч тон комплексных мінеральных угнаенняў.
Пры гэтым Чарнякоў кажа, што Гомельскі хімзавод захоўвае прысутнасць у Еўропе. Праўда, для гэтага давялося прыбраць з NPK-угнаенняў калійны складнік, які апынуўся пад санкцыямі. Але працягваюцца цяжкасці з плацяжамі.
Тым не менш, дзякуючы высокім цэнам на ўгнаенні, прадпрыемства ў 2022-м здолела перакрыць выручку 2021 года. Сёлета завод збіраецца павялічыць вытворчасць на 5,3%, а экспарт — на 5%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.