Гомельскі таксіст падвёз людзей да мяжы — і трапіў за краты
У Гомелі набыў моц прысуд у дачыненні да 24-гадовага таксіста, які ў траўні падвёз да беларуска-ўкраінскай мяжы дваіх грамадзянаў Бангладэш. Хлопец пазбавіўся свабоды і машыны — бо быў прызнаны вінаватым у садзейнічанні нелегальным мігрантам.
Па версіі следства, таксіст ведаў, на што ішоў: бангладэшцы звярталіся да яго менавіта па дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы. "Просьба падмацоўвалася грашовай узнагародай. Малады чалавек пагадзіўся падвезці замежнікаў да дзяржаўнай мяжы. Больш за тое, ён паказаў ім кірунак руху і параіў аптымальны маршрут следавання ва Украіну, — распавядаюць у Дзяржпамежкамітэце. — У выніку сумесных дзеянняў пагранічнікаў Беларусі і Украіны няўдачлівыя мігранты, а таксама кіроўца таксі былі затрыманыя".
Грамадзянам Бангладэш беларускі суд на пяць гадоў забараніў уезд у нашую краіну. Таксіста пакаралі больш жорстка: ён прызнаны вінаватым у арганізацыі незаконнай міграцыі і наступныя два гады правядзе за кратамі. Аўтамабіль, на якім было здзейсненае злачынства, канфіскаваны ў даход дзяржавы.