Like a Gossamer “Kliatva Viernasci”

Праца над дэбютным альбомам Like a GossamerKliatva Viernasci” вялася вельмі доўга. Інфармацыя пра пачатак запісу з’яўляўлася яшчэ ў 2007 годзе. Але гэты час відавочна станоўча паўплываў на выніковы прадукт. Дыск дасканала прапрацаваны, у ім не знойдзеш ніводнага лішняга інструмента, партыі ці гука. Стылістычна альбом сягае ад народных спеваў ды арт-рока да джазавых квадратаў ды doom/death музыкі. Таму неяк акрэсліць дыск вельмі складана, хіба, назваўшы яго проста больш скіраваным у цяжкую музыку.

Пачынаюць і закрываюць “Клятву вернасці” народныя песні “Ой, стаіць бярозка” і “Зашумела дубровачка”, якія акапэла выконвае вакалістка гурта “РокашПаліна Дулінец. Выключна канцэптуальны крок, але ён не перашкаджае агульнаму гучанню пласцінкі, хутчэй, наадварот, дадае пэўнай завершанасці і цэльнасці.

“Слухач знаёміцца з маладым этнографам-фалькларыстам, які падарожнічае па Беларусі, размаўляе з людзмі і запісвае іх аповеды, — распавядае пра канцэпцыю альбома лідар Like a Gossamer Дзяніч Голін. — Ён ствараўся паводле беларускіх легенд і паданняў, але мы самі не чакалі, што атрымаецца на столькі жорсткая канцэпцыя”.

Гукашумавыя кампазіцыі, якія перамяжаюць песні альбома, ажыўляюць вобразы гістарычных падзей ды персанажаў, якія ўзгадваюцца ў песнях. Менавіта на іх ляжыць ці не траціна поспеху дыска! Хоць першапачаткова колькасць трэкаў на вокладцы пужае:).

Загалоўная песня “Клятва вернасці” найбольш яскрава паказвае прафесійны ўзровень, маштабнасць думкі, незаштампаванасць музыкаў, як інструменталістаў, аранжыроўшчыкаў, кампазітараў, меладыстаў... Хоць асобна выдзяляць які-небудзь трэк альбома ня варта. Менавіта разам, у запісанай паслядоўнасці матэрыял Like a Gossamer захапляе. Нават вымушанае перарыванне праслухоўвання ўжо перашкаджае агульнаму ўражанню. Узнікае не вельмі прыемнае адчуванне чытання кнігі з сярэдзіны. Для завяршэння эфекту вельмі хацелася б пачуць праграму на жыва! Праўда, пакуль гурт пазіцыянуе сябе выключна як студыйны. Будзем чакаць!

Трэк-ліст:

01 – Ой, стаіць бяроза

02 – Зімовым Шляхам

03 – Край расамах, русалак і чарцей

04 – Вандроўка першая

05 – Свіцязь

06 – Вільня

07 – Святаянскія муры

08 – Вандроўка другая

09 – Клятва вернасці

10 – Вандроўка трэцяя

11 – Чарадзеі

12 – Вандроўка чацвёртая

13 – Заклятая гара

14 – Залессе

15 – Непачуты паланэз

16 – Вандроўка пятая

17 – Шведы

18 – Полем

19 – Дарога

20 – Зашумела дубровачка

Склад гурта:

Алесь Акульчык (гітара, гроўлінг-вакал)

Дзяніс Голін (бас, электра- і акустычная гітара, вакал)

Хрысціна Ганчарова (клавішы)

Аляксей Гладыш (бубны)

Удзел у запісе:

Алена Жукава (вакал у “Свіцязь”)

Зміцер Мікуліч (гітарнае сола ў “Шведы”)

Паліна Дулінец (вакал)

Арцём Бусел (гукавое аздабленне)

Павел Сініла Everest Media (звядзенне, майстарынг)

Кацярына Філіст (графіка)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі